З 19 па 22 кастрычніка ў Беларусі ў другі раз пройдзе курс хрысціянскага жыцця “Cursillo”. Ён адбудзецца, як і ў мінулым годзе, у рэкалекцыйным доме ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).
Курс пачынаецца вечарам у чацвер, заканчваецца раннім вечарам у нядзелю. На працягу гэтых дзён будуць разглядацца фундаментальныя тэмы хрысціянства і хрысціянскага ладу жыцця.
Гэты інтэнсіўны трохдзённы курс не мае навуковага характару, але і не з’яўляецца тым, што называюць словам “рэкалекцыі”. Ён складаецца са сведчання рэальнага жыццёвага досведу звычайных людзей, які становіцца асновай для дыскусій у невялікіх групах. Сведчанні і абмен меркаваннямі чаргуюцца з песнямі, вясёлымі размовамі, перапынкамі і, канешне, малітвай.
Курс дае ўдзельнікам магчымасць паразважаць, якім хрысціянінам павінен быць у штодзённым жыцці чалавек ХХІ стагоддзя.
Курс прызначаны для ўсіх, хто хоча сур’ёзна зірнуць на сябе, сваё жыццё, адносіны з іншымі людзьмі і Богам. Запрашаюцца перш за ўсё тыя, каго абмінула сістэматычная катэхізацыя. Арганізатары курса адзначаюць: “Сур’ёзнай ранай нашага грамадства з’яўляецца тое, што велізарная яго частка не мела магчымасці пазнаваць Бога праз сістэматычную катэхізацыю. Наступствы такога мінулага – вераванні, якія нярэдка заснаваны толькі на пачуццях, а не на рэальным досведзе пазнавання Бога і зносінаў з Ім”. Гэта датычыцца найперш людзей ад 35 да 60 гадоў, але такія ўзроставыя межы маюць толькі ўмоўны характар.
Удзельнічаць у курсе могуць не толькі католікі.
“Гэта тры дні, напоўненыя атмасферай любові, радасці і свабоды, – апавядаюць арганізатары. – Цікава назіраць, як людзі прыходзяць на пачатак курса насцярожаныя, перажываючы аб тым, што тут будзе адбывацца, і задаючыся пытаннем, чаму яны тут. Калі іх сэрцы адкрытыя хоць крыху, з курса яны вернуцца з іншым, больш глыбокім, поглядам на жыццё. Нават калі вы не ўбачыце ў сабе адрасата гэтага запрашэння, то, упэўнены, сярод вашых знаёмых, сяброў або родных ёсць той, каму варта было б прапанаваць удзел у курсе”.
Упершыню курс хрысціянскага жыцця “Cursillo” (з ісп. Сursillo de cristiandad, “Маленькі курс хрысціянскага жыцця”) у Беларусі прайшоў у мінулым годзе.
Для ўдзелу неабходны запіс па тэлефоне:
+375 29 589 52 89 кс. Міхал Васількевіч