Skip to main content

Музычная сустрэча “Грай Пану” пройдзе ў Навагрудку

graj panu 1З 9 па 11 снежня ў Навагрудку адбудзецца музычная сустрэча “Грай Пану”. Яна пройдзе ў рэкалекцыйным доме каля касцёла св. Арханёла Міхала.

Сустрэчу будзе праводзіць супольнасць “Рыбы”. Удзельнікі, між іншым, змогуць атрымаць адказы на пытанні:

Чаму варта ведаць увесь шлях спеву ад ідэі ў галаве творцы да моманту гучання спеву ў вушах слухача?

Што трэба мець і ўмець, каб людзі ва ўсім свеце маглі пачуць тваю музыку і спевы?

Як знайсці натхненне, каб напісаць спеў?

Як увогуле пісаць спевы? Гэта прывілея абраных ці проста навык, як, напрыклад, вадзіць аўтамабіль?

Ці трэба рабіць больш, чым проста спяваць пад гітарку ў сваім пакоі?

Ці патрабуюцца Пану Богу нашы спевы?

Якая розніца паміж спевам касцёльным і свецкім?

Што трэба тэхнічна, каб запісаць і выпусціць твор?

Колькі трэба грошай, каб цябе пачулі?

Чаму менавіта музыкам сёння неабходна больш адказна паставіцца да гэтай важнай справы?

На сустрэчу запрашаюцца як тыя, хто проста хацеў бы служыць праз музыку, так і тыя, хто ўжо доўга служыць такім чынам і не збіраецца спыняцца, а таксама тыя, хто перажывае пэўныя крызісы ў творчасці.

Прыезд і размяшчэнне – пажадана да вячэры ў пятніцу 9 снежня (вячэра ў 19.00).

Пачатак сустрэчы – каля 20.00. Праграма вельмі насычаная, таму арганізатары заахвочваюць удзельнікаў паспець, каб распачаць яе разам.

За час з вечару пятніцы да ранку нядзелі плануецца зрабіць “з нуля” сапраўдны спеў, які ў нядзелю змесцяць у інтэрнэце, каб яго маглі пачуць знаёмыя ўдзельнікаў і ўсе ахвотныя.

Таксама ў праграме будуць святая Імша, малітвы спевам, дыскусіі і шматлікія новыя адкрыцці.

Кошт за пражыванне – 60 руб (уключае харчаванне, цёплыя пакоі і ложкі). Можна скласці дадатковае ахвяраванне звыш кошту.

З сабой мець:

- асабістыя рэчы

- прыгожую вопратку

- сшытак і ручку ці аловак.

Музычныя інструменты браць з сабой не трэба.

Рэгістрацыя па спасылцы.