28 кастрычніка ў касцёле парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбудзецца Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Юрыя Свіслоцкага з нагоды трыццатага дня пасля смерці.
Пачатак у 13.00. Супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa запрашаюцца ўсе ахвотныя – духавенства, законныя сёстры, свецкія вернікі.
Ксёндз канонік Юрый Свіслоцкі нарадзіўся 12 кастрычніка 1971 г., паходзіць з парафіі св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы.
Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.
Быў вікарыем парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, пробашчам парафій Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы і св. Казіміра ў Першамайскім (Лідскі дэканат) – у абедзвюх гэтых парафіях у час яго служэння былі пабудаваны касцёлы; пробашчам парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). З 2015 г. быў рэзідэнтам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.
Пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць 28 верасня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы, пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках.