Skip to main content

1 чэрвеня – каментарый да Евангелля на VII Велікодную нядзелю (Ян 17, 20–26)

Сведчанне адзінства

Eвангелле паказвае нам Езуса Хрыста, які ў апошнюю гадзіну перад арыштам і мукай просіць Нябеснага Айца на Апошняй Вячэры аб дары адзінства для сваіх вучняў. Ён моліцца, каб усе былі адно: “…як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 21).

Адзінства вучняў укрыжаванага і ўваскрослага Пана павінна найбольш выразна сведчыць аб праўдзе Евангелля, аб Богу, які “так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Гэта Добрая Навіна для свету, які згубіўся, у якім множыцца эгаізм і насілле, які раздзіраюць канфлікты і войны, знішчаюць зло і грэх. Свет, што жыве ў цені смерці, так ці інакш шукае сэнсу, сумуе па дабрыні і любові.

Адзінства – гэта дар уваскрослага Езуса. Ён прыйшоў на зямлю, атаясаміўся з нашым лёсам і памёр “за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно” (Ян 11, 52).

Адзінства – дар, аднак і задача. Гэтую задачу могуць і павінны ўзяць на сябе людзі, паяднаныя з Богам і братамі, людзі, якія чыняць супакой, прагнуць і жадаюць справядлівасці, людзі міласэрныя і чыстага сэрца.

Недастаткова малітвы аб адзінстве ці тэалагічных дыскусій і экуменічных сустрэч. Свету патрэбна наша сведчанне адзінства, патрэбна, каб словамі і ўчынкамі, а таксама сваёй паставай дэманстравалі, што Хрыстос жыве і дзейнічае ў Касцёле, умацоўвае нас сваёй сілай для вызнавання веры нават у цяжкіх і экстрэмальных сітуацыях. Памятаем аб тым, што з’яўляемся хрысціянамі ў той ступені, у якой гатовы абвяшчаць Збаўцу ўласным жыццём.

Будзем жа прасіць Езуса, каб мы мелі здольнасць і хацелі быць сведкамі адзінства Касцёла, каб свет паверыў. Будзем прасіць аб адзінстве ў свеце, у грамадстве, у сем’ях.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду