Skip to main content

15 чэрвеня – каментарый да Евангелля на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (Ян 16, 12–15)

Таямніца веры

У імя Айца, Сына і Духа нам удзелены хрост. У імя Святой Тройцы святар у сакраманце паяднання адпускае чалавеку грахі. Такім жа чынам распачынаем і заканчваем св. Імшу. У імя Святой Тройцы пакідаем гэты свет, каб перайсці ў вечнае жыццё ў Ёй.

Найсвяцейшая Тройца спадарожнічае нам штодзень і з’яўляецца распазнавальным знакам кожнага хрысціяніна. Яна побач з намі, бліжэй, чым самі да сябе. Адначасова з’яўляецца неверагоднай Таямніцай, якой ніколі на зямлі не будзем у стане спасцігнуць і зразумець.

Таямніцу Святой Тройцы можна адкрыць “як бы праз імглу” ў кантэксце любові. Бог любіць свайго Адзінароднага Сына адвечнай, абсалютнай, бязмежнай любоўю. Глыбіня любові, якая існуе ў Богу, мае асабовае вымярэнне; гэта неспасціжны Дух. Любові для яе існавання патрэбна іншая асоба; маецца на ўвазе ўзаемнасць – без узаемнасці яна становіцца эгаізмам. Любоў хоча разлівацца далей, прасякаць усё. Таксама і любоў Бога хоча вылівацца вонкі, таму Найвышэйшы стварае свет, кліча да існавання чалавека, запрашае яго да інтымнага сяброўства.

Сляды Любові знаходзім у нашым жыцці – у любові мужчыны і жанчыны ды ў плодзе гэтай любові, дзіцяці. Аднак гэта толькі цень, вельмі слабы вобраз безумоўнай, абсалютнай, бязмежнай любові Бога. У канчатковым выніку “ўсе нашы крыніцы ў Ім” (Пс 36) i “ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём” (Дз 17, 28).
Езус Хрыстус стаўся чалавекам, каб наблізіць нас да таямніцы Святой Тройцы. Кожны хрысціянін пакліканы і запрошаны ўзяць удзел у вечнай Божай гасціне любові.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду