Skip to main content

Кангрэгацыя Дачок Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі – сэрцанкі безгабітовыя

Кангрэгацыя Дачок Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (Congregatio Filiarum Purissimi Cordis Beatae Mariae Virginis – CFPCBMV) была заснавана а. Ганаратам Казьмінскім і маці Паўлай Малецкай 8 снежня 1885 года. Яна распачала сваю дзейнасць у Варшаве (Польшча) у настаўніцкім асяроддзі. Аднак найбольш актыўнай дзейнасцю ахапіла тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі ад Беларусі ажно да Сібіры, несучы Бога, навучаючы і выхоўваючы дзяцей, моладзь і нават дарослых у духу хрысціянскай веры і маралі.

З 1910 года сэрцанкам давялося дзейнічаць з павышанай асцярожнасцю. Яны сутыкнуліся з пераследам з боку царскіх улад. Пасля 1918 года на тэрыторыі Расійскай імперыі пачалася нацыяналізацыя навучальных устаноў. Да 1923 года ўсе ўстановы адукацыі, якімі кіравала Кангрэгацыя, былі зачынены, а сёстры разам з сіротамі ў большасці сваёй паступова пераехалі ў Польшчу.

У перыяд ІІ Сусветнай вайны ў Варшаве закрылася некалькі ўстаноў, якімі кіравалі сэрцанкі, а іх дамы былі разбураны. Дзе толькі магчыма, сёстры працягвалі сваю дзейнасць, а таксама таемна выкладалі. Ім даводзілася падарожнічаць з выхаванцамі, абараняць іх. Сёстры ратавалі жыцці дзяцей яўрэяў і дапамагалі патрабуючым. Дзве сэрцанкі загінулі пакутніцкай смерцю, спаленыя жыўцом разам з уніятамі ў Любешаве (Піншчына).

Пасля вайны сёстры працягвалі дзейнічаць у такіх умовах, у якіх знаходзіліся і маглі працаваць, заўсёды ўглядаючыся ў Сэрца Марыі, адорваючы іншых любоўю, спачуваннем, спагадай, чуласцю і пяшчотай. “Старайцеся, каб вашы сэрцы, па прыкладзе Яе Сэрца, сталі чыстай дабрынёй, каб вы не маглі быць абыякавымі да ніякай бяды, каб не дазволілі сябе збянтэжыць ніякім гневам, няўдзячнасцю ці крыўдай з боку людзей”, – пісаў а. Ганарат да сясцёр.

Сэрца Марыі лікуе, бачачы яшчэ адно сэрца, якое прагне жыць толькі для Бога і ахвяраваць сябе ў злучэнні з Яе Найчысцейшым Сэрцам за збаўленне свету, асабліва за збаўленне тых, сярод каго жыве, працуе, да каго кожны дзень паслана і каго сустракае. Якое шчасце для кожнай пасвечанай дзяўчыны ўсвядоміць: “Ты дачка па Сэрцы Маім”… Быць позіркам, усмешкай, дабрынёй і любоўю Сэрца Марыі, маленькай копіяй Яе, праменьчыкам Яе Сэрца, водарам Яе прысутнасці.

Дэвіз Кангрэгацыі: “Сэрца Марыі – наш прытулак”.

Патранальнае свята – успамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

Духоўнасць Кангрэгацыі Дачок Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі апіраецца на правілах ІІІ Рэгулярнага ордэна св. Францішка з Асізі. Яна датычыць пераймання духу Марыі і культу Яе Найсвяцейшага Сэрца.

Харызма Кангрэгацыі: праз поўнае прысвячэнне сябе Богу ў дасканалай любові і праз манаскія абяцанні (паслухмянасць, беднасць і цнатлівасць), ведучы ўкрытае жыццё, як “закваска ў цесце”, паводле ўзору Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, сёстры з’яўляюцца сведкамі веры ў свецкім асяроддзі, напаўняюць яго хрысціянскімі вартасцямі, асабліва праз навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Па прыкладзе Маці Божай вучацца сузіраць Яе Сына, прыслухоўвацца да Езуса, проста быць з Ім.
Строй: сёстры не носяць габіт, але іх адзенне павінна быць сціплым.

Сэрцанкі жывуць без знешніх знакаў пасвячэння. Дасканалым прыкладам укрыцця свайго паклікання перад светам з’яўляецца для іх Марыя. “Будучы злучанай у найглыбейшай любові з Богам і супрацоўнічаючы са сваім Сынам у справе збаўлення свету, Яна ў паўсядзённым жыцці была звычайнай жанчынай. [...] Гледзячы на

Яе і знаходзячыся з Ёй, ніхто не падазраваў, што Яна чыстая дзева” (а. Ганарат Казьмінскі).
Сёння сэрцанкі служаць у 6 краінах свету, працягваючы сваё служэнне сярод дзяцей і моладзі, у дзіцячах садках і школах, дамах-інтэрнатах і там, дзе ёсць патрэба “поўнага любові сэрца”.

У Беларусі Кангрэгацыя прысутнічае з 1904 года. У Гродзенскай дыяцэзіі сваю паслугу сёстры нясуць у Гродне, Скідзелі і Парэччы.

Аляксей Гальчэня