Skip to main content

13 ліпеня – каментарый да Евангелля на XV Звычайную нядзелю (Лк 10, 25–37)

aaron burden 426280 unsplash scaled

Будзем рабіць так

Прыпавесць пра міласэрнага самараніна, змешчаная ў Евангеллі, паказвае, якім павінна быць стаўленне да блізкіх, якія пакутуюць, знаходзяцца ў патрэбе. Нам нельга праходзіць міма іх, абмінаць з абыякавасцю, але трэба спыніцца побач і прыняць канкрэтныя меры.

Міласэрны самаранін – гэта чалавек, які схіляецца над пакутамі іншага. Ён чулы да чужых цярпенняў, мае добрае сэрца. Такога чалавека ўзрушвае няшчасце бліжняга, але ён не затрымліваецца выключна на ўзрушанасці і спачуванні. Для яго гэта становіцца штуршком да дзеяння, мэта якога – прынясенне дапамогі параненаму.

Міласэрны самаранін – гэта той, хто аказвае падтрымку ў пакутах і ўкладвае ў гэтую дапамогу сваё сэрца і ўласны час, але таксама не шкадуе матэрыяльных сродкаў. Ён здольны да менавіта такога дару самога сябе. Міласэрны самаранін – чалавек, чыё сэрца лагоднае і велікадушнае. Гэта чалавек, які выконвае Божую волю, паколькі Бог больш хоча міласэрнасці, чым ахвяры (параўн. Мк 12, 33).

Прыпавесць пра міласэрнага самараніна красамоўная, яна з’яўляецца адначасова адказам Езуса на пытанне: “А хто мой бліжні?” (Лк 10, 29). Бліжні – гэта той, хто выконвае запаведзь любові, хто аказвае міласэрнасць. Бог чакае ад усіх людзей міласэрнага сэрца, бо Ён сам міласэрны і добра разумее нашы нягоды і цяжкасці.

Заахвочванне Езуса, звернутае да знаўцы Закона: “Ідзі і ты рабі так” (Лк 10, 37), – з’яўляецца таксама заклікам, звернутым да нас. Варта выхоўваць у сабе такую чуласць сэрца, якая сведчыць аб спачуванні чалавеку, што пакутуе. Але трэба таксама ператвараць гэтую ўзрушанасць у канкрэтнае дзеянне, каб мы станавіліся – як гэты самаранін – людзьмі міласэрнага сэрца.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду