Skip to main content

Юбілейны год сясцёр назарэтанак – час удзячнасці, паяднання і надзеі

Бягучы год асаблівы для Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая святкуе 150 гадоў свайго існавання. Гэты юбілейны час пачаўся 1 снежня 2024 года і працягнецца да 30 лістапада 2025 года, калі будзем адзначаць яго завяршэнне ў Рыме, у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, разам з дэлегацыямі з усіх краін, дзе мы прысутнічаем.

Для назарэтанак юбілей – гэта, перш за ўсё, час глыбокай удзячнасці Богу за дар паклікання і спадчыны бл. Францішкі Сядліскай, заснавальніцы Кангрэгацыі, а таксама за жыццё ўсіх сясцёр, якія цягам 150 гадоў служаць Касцёлу рознымі спосабамі, будуючы “маленькія Назарэты” ўсюды, куды іх пасылае Бог. Асаблівым момантам для нас стала прыватная аўдыенцыя ў папы Францішка і перадача рэліквій бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка ў Маўзалей навамучанікаў на Тыберыйскім востраве ў Рыме. Гэта важны напамін, што гісторыя Кангрэгацыі з’яўляецца гісторыяй вернасці – ажно да пакутніцтва.

Аднак юбілейны год з’яўляецца не толькі ўдзячным узгадваннем мінулага, але і перыядам абнаўлення духу. У генеральны дом у Рыме ў гэты час прыбываюць шматлікія пілігрымкі, праводзяцца сустрэчы, рэкалекцыі і семінары. Адной з важных падзей з’яўляюцца трываючыя рэкалекцыі і семінары на тэму паяднання і прабачэння, якія аб’ядноўваюць сясцёр, што імкнуцца паглыбіць свае адносіны з Богам і людзьмі. У супольнасцях па ўсім свеце праходзяць набажэнствы, дні засяроджання, чуванні і паломніцтвы ў месцы, важныя для нашай духоўнасці і гісторыі.

Назарэтанкі сёння нагадваюць, што іх харызма – распаўсюджванне валадарства Божай любові паміж сабой і іншымі, а асабліва ў сем’ях, – з’яўляецца адказам на патрэбы сучаснага свету. Менавіта зараз, у часы рознагалоссяў і няўпэўненасці, іх ціхае, вернае служэнне мае асаблівае значэнне. Праз штодзённыя ўтоеныя жэсты любові, прабачэння і служэння сёстры сведчаць, што Божае Валадарства нараджаецца там, дзе чалавек вучыцца любіць, давяраць і прабачаць.

Юбілейны год становіцца запрашэннем зноў адкрыць для сябе, што Назарэт – дом Езуса, Марыі і Юзафа – можа быць у сэрцы кожнага з нас і што нашы супольнасці і сем’і могуць засведчыць аб магчымасці супакою, узаемнай павагі і аднаўлення адносін, поўных любові. Менавіта ў прастаце і звычайнасці нараджаецца штодзённая святасць – у сем’ях, якія становяцца маленькімі Назарэтамі, і ў сэрцах, адкрытых Богу і іншаму чалавеку. Молімся, каб кожны, хто ўглядаецца ў Святую Сям’ю, адважыўся пабудаваць вакол сябе прастору любові і адзінства, таму што ў гэтым крыецца надзея на будучыню Касцёла і свету.

С. Аліна Юрчык, генеральная асістэнтка Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта