Зайздрасць і хцівасць часта прыводзілі да таго, што людзі непрыязна глядзелі на права ўласнасці. Сацыялістычная ідэалогія з дапамогай прапаганды яшчэ больш узмацніла гэтае пачуццё. У сацыялістычных краінах дзяржава сама забірала ўласнасць у людзей, як багатых, так і бедных. З цягам часу людзі прызвычаіліся да гэтага і пачалі лічыць гэта нормай.
Таму варта нагадаць, што валоданне матэрыяльным багаццем з'яўляецца фундаментальным правам чалавека. Доказ гэтага знаходзіцца не толькі ў чалавечай натуры, але і ў хрысціянскім вучэнні, хоць ўласнасць і не з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, а яе набыццё і выкарыстанне можа суправаджацца злоўжываннямі.
Гаворка ідзе аб уласнасці ў шырокім значэнні, усёй маёмасці, даходах з працы і магчымасцю свабодна імі разпараджацца. Тое, чым чалавек валодае без права, не можна назваць уласнасцю.
Шматлікія тэксты Святога Пісання гавораць пра існаванне прыватнай уласнасці як нармальнай і распаўсюджанай з'яве. Людзі ў Бібліі валодаюць палямі і дамамі, атрымлiваюць іх у спадчыну, прадаюць і купляюць. Права на ўласнасць з’яўляецца відавочным і натуральным.
Сёмая запаведзь, “не крадзі”, мае на ўвазе існаванне і прызнанне права ўласнасці. Таму з’яўляецца доказам таго, што Божай воляй, выражанай ў натхнёным слове Бібліі, з'яўляецца наяўнасць у людзей зямных багаццяў. Іх крыніцай з’яўляецца Бог, і Ён даручыў іх чалавеку. Сустракаюцца ў Святым Пісанні і фрагменты, якія непасрэдна гавораць пра права на ўласнасць.
У прыпавесці пра работнікаў у вінаградніку гаспадар кажа чалавеку, які спадзяваўся атрымаць больш чым дынар за працу: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?”(Мц 20,13-15). Чалавек мае права свабодна распараджацца тым, чым валодае. Больш таго, Езус зрабіў такога яго вобразам самога Бога.
У прыпавесці пра таленты (Мц 25, 14-30) ставяцца у прыклад людзі, якія даволі вялікую суму, даручаную ім, з поспехам інвестуюць і зарабляюць яшчэ столькі ж. У Дзеях Апосталаў св. Пётр дакарае Ананія за тое, што ён утаіў частку грошай, атрыманых пасля продажу поля, сказаўшы, што перадаў усё на патрэбы супольнасці. Аднак падкрэслівае, што ён мог свабодна распараджацца гэтымі сродкамі. “Хіба тое, што ты меў, не было тваім, а прададзенае ці не было ў тваёй уладзе?”(Дз 5, 4).