Skip to main content

Беднасць і дапамога патрабуючым у святле Святога Пісання

Старонка 1 з 2

bednascДапамога бедным паводле Святога Пісання з’яўляецца важным маральным абавязкам. Настолькі важным, што Езус зрабіў залежным ад яго збаўленне людзей. Ён з’яўляецца маральным мінімумам. Аднак разуменне гэтай дапамогі адрозніваецца ад яе сенняшняга прадстаўлення.

У прыпавесці аб судзе, з Евангелля паводле Мацвея, суддзя-валадар гаворыць збаўленым: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”(Мц 25, 34-36). Тым жа хто не быў міласэрны кажа ісці прэч, у пякельны агонь. У Бібліі можна сустрэць асуджэнне багатых, якія крыўдзілі бедных, але і наадварот, пахвалу тым, хто ім дапамагае.

На беднасць можна глядзець пазітыўна, як на магчымасць збліжэння да Бога. Часам аб гэтым гаворыцца ў Новым Запавеце. Аднак такі погляд не змяняе факт, што беднасць з’яўляецца няшчасцем, прычынай цярпення і зла, а пажаданым застаецца заспакаенне матэрыяльных патрэбаў.

Вось некалькі цытат адносна абавязку дапамогі. Са Старога Запавету: “Адкрый руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй” (Дрг 15, 11); “Хлебам сваім падзяліся з галодным, і адзеннем – з голым; з усяго, што залішне ў цябе, – давай міласціну, і хай вока тваё не глядзіць нядобра, калі даеш міласціну” (Тоб 4, 16).

З Новага Запавету: “Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе”(Мц 5, 42); “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае”(Лк 3, 10); “Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць” (Гбр 13, 16); ”Багатым гэтага веку загадвай, [...] каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся” (1 Цім 6, 17-18).

Вялікае значэнне дапамогі патрабуючым прывяло да таго, што ў Бібліі слова “eleemosyne”, якое тлумачыцца як “літасць, міласэрнасць”, пачало азначаць міласціну. Акрамя матэрыяльнай дапамогі сустракаюцца і іншыя праяўленні клопату аб іншых: наведваць хворых, ратаваць тых, каму пагражае смерць, клапаціцца аб вязнях, хаваць памерлых (пар. Сір 7, 35; Прып 24, 11-12; Тоб 1, 17).

Важнай формай дапамогі бедным была пазыка без выплаты адсоткаў, таксама магчыма было і дараванне доўгу. Права Маісея абавязвала не збіраць усяго без астатку з палёў і вінаграднікаў (Зых 22, 24; Дрг 15, 1-3; 24, 19-21).

Маральнае значэнне мае тое, як аказваецца дапамога, не можна падчас давання міласціны пагарджаць іншым, або рабіць гэта з неахвотай. “Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду” (Мц 6, 2); “радаснага даўцу любіць Бог” (2Кар 9, 7).

Заклік да дапамогі скіраваны да багатых. Адносіцца ён і да іншых, але па меры іх магчымасцяў. “Калі будзеш мець багацейшую маёмасць, большую з яе давай міласціну. Калі меншую будзеш мець, не бойся і пры меншай даваць міласціну” (Тоб 4, 8).

Хто дапамагае, той, паводле Бібліі, можа лічыць на дапамогу Бога і людзей, а яго добры ўчынак прынясе яму дараванне грахоў “Выкупі грахі свае ўчынкамі справядлівымі і свае злачынствы – міласэрнасцю да ўбогіх” (Дан 4, 24); ”Міласціна вызваляе ад смерці” (Тоб 4, 10). Хто дае беднаму, ніколі не будзе жыць у недастатку, а той хто не быў міласэрны, застанецца без дапамогі. “Хто вуха сваё затыкае на лямант беднага, той і сам будзе лямантаваць, але не будзе выслуханы” (Прып 21, 13). Але гэта не асноўны матыў дабрачыннасці, бо любоў бліжняга з’яўляецца падставай для самой сябе. Для хрысціяніна не патрэбна плата заа служэнне. “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!” (Дз 20, 35).

 

Старонка
Рэдагавана: 11 Студзеня 2017