Беднасць і дапамога патрабуючым у святле Святога Пісання
Дапамога бедным паводле Святога Пісання з’яўляецца важным маральным абавязкам. Настолькі важным, што Езус зрабіў залежным ад яго збаўленне людзей. Ён з’яўляецца маральным мінімумам. Аднак разуменне гэтай дапамогі адрозніваецца ад яе сенняшняга прадстаўлення.
У прыпавесці аб судзе, з Евангелля паводле Мацвея, суддзя-валадар гаворыць збаўленым: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”(Мц 25, 34-36). Тым жа хто не быў міласэрны кажа ісці прэч, у пякельны агонь. У Бібліі можна сустрэць асуджэнне багатых, якія крыўдзілі бедных, але і наадварот, пахвалу тым, хто ім дапамагае.
На беднасць можна глядзець пазітыўна, як на магчымасць збліжэння да Бога. Часам аб гэтым гаворыцца ў Новым Запавеце. Аднак такі погляд не змяняе факт, што беднасць з’яўляецца няшчасцем, прычынай цярпення і зла, а пажаданым застаецца заспакаенне матэрыяльных патрэбаў.
Вось некалькі цытат адносна абавязку дапамогі. Са Старога Запавету: “Адкрый руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй” (Дрг 15, 11); “Хлебам сваім падзяліся з галодным, і адзеннем – з голым; з усяго, што залішне ў цябе, – давай міласціну, і хай вока тваё не глядзіць нядобра, калі даеш міласціну” (Тоб 4, 16).
З Новага Запавету: “Таму, хто просіць у цябе, давай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе”(Мц 5, 42); “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае”(Лк 3, 10); “Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць” (Гбр 13, 16); ”Багатым гэтага веку загадвай, [...] каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся” (1 Цім 6, 17-18).
Вялікае значэнне дапамогі патрабуючым прывяло да таго, што ў Бібліі слова “eleemosyne”, якое тлумачыцца як “літасць, міласэрнасць”, пачало азначаць міласціну. Акрамя матэрыяльнай дапамогі сустракаюцца і іншыя праяўленні клопату аб іншых: наведваць хворых, ратаваць тых, каму пагражае смерць, клапаціцца аб вязнях, хаваць памерлых (пар. Сір 7, 35; Прып 24, 11-12; Тоб 1, 17).
Важнай формай дапамогі бедным была пазыка без выплаты адсоткаў, таксама магчыма было і дараванне доўгу. Права Маісея абавязвала не збіраць усяго без астатку з палёў і вінаграднікаў (Зых 22, 24; Дрг 15, 1-3; 24, 19-21).
Маральнае значэнне мае тое, як аказваецца дапамога, не можна падчас давання міласціны пагарджаць іншым, або рабіць гэта з неахвотай. “Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду” (Мц 6, 2); “радаснага даўцу любіць Бог” (2Кар 9, 7).
Заклік да дапамогі скіраваны да багатых. Адносіцца ён і да іншых, але па меры іх магчымасцяў. “Калі будзеш мець багацейшую маёмасць, большую з яе давай міласціну. Калі меншую будзеш мець, не бойся і пры меншай даваць міласціну” (Тоб 4, 8).
Хто дапамагае, той, паводле Бібліі, можа лічыць на дапамогу Бога і людзей, а яго добры ўчынак прынясе яму дараванне грахоў “Выкупі грахі свае ўчынкамі справядлівымі і свае злачынствы – міласэрнасцю да ўбогіх” (Дан 4, 24); ”Міласціна вызваляе ад смерці” (Тоб 4, 10). Хто дае беднаму, ніколі не будзе жыць у недастатку, а той хто не быў міласэрны, застанецца без дапамогі. “Хто вуха сваё затыкае на лямант беднага, той і сам будзе лямантаваць, але не будзе выслуханы” (Прып 21, 13). Але гэта не асноўны матыў дабрачыннасці, бо любоў бліжняга з’яўляецца падставай для самой сябе. Для хрысціяніна не патрэбна плата заа служэнне. “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!” (Дз 20, 35).
Дапамога бліжняму вынікае з сувязі чалавека з Богам. Тое што мы маем, мы атрымалі ад Яго. Ён любіць усіх людзей. Таму Езус сказаў: “Задарма атрымалі, задарма давайце.” (Мц 10, 8). Міласэрнасць становіцца рэлігійнай практыкай. І наадварот, культ не мае сэнсу без справядлівасці (Сір 35,2).
Аднак, гаворачы пра бедных у святле Святога Пісання, не можна прадстаўляць сучасныя спосабы сацыяльнай дапамогі. Аб такіх відах дапамогі Біблія нічога не гаворыць. Хто лічыць, што сацыяльная дапамога дзяржавы, якая абапіраецца на абавязковых падатках з’яўляецца правільнай, той павінен прывесці доказы таго, што з пункту гледжання маралі, яна з’яўляецца больш правільнай і карыснай, чым дапамога сям’і, суседзяў, парафіі.
Біблія не гаворыць пра тое, каб даць усім магчымасць камфортнага жыцця. Беднасць у біблейскія часы, гэта значна больш, чым недастатак у адносна багатых краінах сёння. Беднасць у старажытнасці, гэта сапраўдныя пакуты і галеча, гэта дзеці, якія паміраюць з голаду. Беднасць лічылася ганьбай. Такая беднасць была пастаяннай пагрозай, але яшчэ больш павялічвалася падчас голаду і вайны. Таму асноўнай формай міласціны была ежа. Сёння такой формай было б карміць галодных у краінах трэцяга свету.
Далей, дапамога бедным разглядаецца ў першую чаргу з маральнага, а не сацыяльнага пункту гледжання. Кожны хто штосці мае, павінен даамагаць іншым у няшчасці. Гэта адносілася да кожнага асобнага чалавека, а не да дзяржавы, як інстытуцыі. Ад кіруючых краінай чакалі аховы правоў бедных, а не матэрыяльнай дапамогі.
Аднак, існавалі формы пастаяннай дапамогі. Хоць бедных у багатай краіне быць не павінна (Дрг 15, 4), але ў жыцці здараецца інакш. Таму ў Праве Маісея кожная трэцяя дзесяціна павінна была прызначацца на патрэбы бедных. (Дрг 14, 28; 26, 12-13; пар. Тоб 1, 8).
Дзесяціна плацілася з пладоў зямлі, таму атрымліваецца, што 3-4 працэнты былі прызначаны на дапамогу бедным. Такой дапамогай карысталіся левіты, сіроты і ўдовы. Збіранне і падзел гэтага падатку мелі мясцовы характар. Ужо пазней хрысціяне дапамагалі бедным больш арганізавана. Гэта можа быць падставай падобных спосабаў дапамогі сёння.
Негледзячы на гэтыя асноўныя прынцыпы, трэба браць пад увагу яшчэ две справы. Прычынай беднасці можа быць сам чалавек, асабліва калі гаворка ідзе аб ляноце (пар. Прып 6, 6-11; 10, 4-5; 11, 16; 13, 4. 18; 20, 4. 13; 21, 17. 25). Няма абавязку дапамагаць і тым, хто на гэта не заслугоўвае, нягодным, бязбожным (Тоб 4, 17; Сір 12, 1-7; пар. Прып 6, 1-2; Mц 7, 6). Гэта таксама павінна брацца пад увагу ў заканадаўстве аб сацыяльнай дапамозе.
Паводле opoka.org.pl