Kаманда святароў Гродзенскай дыяцэзіі, якая прадстаўляла Беларусь, стала 7-й на XIV Чэмпіянаце Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе.
Першае месца заняла каманда Польшчы, другое – Босніі i Герцагавіны, трэцяе – Партугаліі.
Чэмпіянат праходзіў з 17 па 21 лютага ў сталіцы Чэхіі Празе.
Як адзначыў у размове з grodnensis.by капітан беларускай каманды кс. Дзяніс Бразінскі, гэта добры вынік для яе на чэмпіянаце, бо некаторыя каманды мюць сапраўды высокі ўзровень падрыхтоўкі і гуляюць як прафесіяналы.
У мінулым годзе наша каманда заняла 12-е месца на гэтым чэмпіянаце, які праходзіў у Ульцыне ў Чарнагорыі ля вусця ракі Баяны каля мяжы з Албаніяй, над Адрыятычным морам.
Турнір па міні-футболе сярод святароў быў ініцыяваны духавенствам Аўстрыі. Першы чэмпіянат прайшоў у 2004 годзе ў Айзенштаце.
У сёлетнім турніры ў Празe ўдзельнічала больш за 250 чалавек з 18 каманд. З Беларусі ўдзельнічалі святары Гродзенскай дыяцэзіі, a таксама прадстаўнікі Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, у цэлым 13 святароў.
Чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе быў таксама часам інтэграцыі духавенства і магчымасцю сустрэцца са святарамі іншых краін. Праграма ўключала канферэнцыі на тэмы, якія датычылі духоўных каштоўнасцяў у спорце, супольную малітву са штодзённай святой Імшой і наведванне гістарычнай Прагі.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Дзяніс Бразінскі