3-5 студзеня ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Адамавічах адбыліся чарговыя духоўныя практыкаванні для дзяўчат. Сустрэча праходзіла пад дэвізам “На руках у Марыі”.
Тэматычныя канферэнцыі праводзіў і дзяліўся сваім духоўным досведам кс. Павел Раманоўскі, пробашч парафіі ў Граўжышках. Дзяўчаты мелі магчымасць паразважаць над прысутнасцю ў сваім жыцці Найсвяцейшай Панны Марыі, Яе цнотамі і выключным пакліканнем. Па прыкладу Беззаганнай Дзевы кожная хрысціянка можа ўзрастаць у Божым дзяцінстве, імкнучыся да выканання волі Пана ў сваім жыцці.
Рэкалекцыйная супольнасць мела магчымасць правесці час у каляднай радасці, слухаючы голас Бога падчас штодзённай медытацыі, адарыцыі і асабістага прабывання перад яслямі.
Падчас традыцыйнага часу пустыні ўдзельніцы адкрывалі вартасць самоты і маўчання, прыпадабняючыся да Беззаганнай Дзевы ў Яе маўклівай прысутнасці.
С. Ідалія