23 снежня ў Іўі адбылася аплаткавая сустрэча для інвалідаў і адзінокіх людзей. Сустрэча была арганізавана пробашчам іўеўскай парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла кс. Янам Гавецкім. У яе арганізацыі дапамагалі валанцёры парафіяльнага “Caritas”.
За святочным сталом у мясцовым рэстаране сабраліся інваліды, адзінокія людзі, каб падзяліцца аплаткай і выказаць адзін аднаму віншаванні. Падчас сустрэчы вернікі спявалі калядныя песні і чыталі вершы.
Падобныя сустрэчы ў іўеўскай парафіі сталі ўжо традыцыяй. Праз такія акцыі звяртаецца вялікая ўвага на людзей, якім патрэбна дапамога і падтрымка. Гэта таксама добрая нагода, каб нагадаць такім людзям, што яны не самотныя, а побач з імі заўсёды прысутнічаюць тыя, хто можа працягнуць руку дапамогі.
Kс. Юрый Марціновіч