6 кастрычніка група вернікаў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне прыняла ўдзел у Архідыяцэзіяльным дні Эўхарыстыі ў Сакулцы (Польшча), якая знаходзіцца побач з Гроднам.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі. На ёй сабраліся шматлікія вернікі з Беластоцкай архідыяцэзіі і пілігрымы з краіны і з замежжа.
Сёлета прыпадае 11-годдзе эўхарыстычнага цуду, які адбыўся ў кастрычніку 2008 г. Тады падчас удзялення святой Камуніі камунікант упаў на замлю. Святар, згодна з касцёльнай практыкай, змясціў яго ў невялікую пасудзіну з вадой каля табэрнакулюма. Аднак камунікант не распусціўся ў вадзе, а пачырванеў. Былі праведзены адпаведныя навуковыя даследаванні, у выніку якіх аказалася, што камунікант ператварыўся ў мышцу сэрца.
Пасля навуковых даследаванняў патамарфолагаў і заключэнняў спецыяльна прызначанай камісіі эўхарыстычны цуд у Сакулцы быў прызнаны на дыяцэзіяльным узроўні. На сённяшні момант старанна сабраны ўсе сведчанні атрыманых ласкаў і пацвярджэнні даследаванняў невытлумачальных з медыцынскага пункту гледжання аздараўленняў.
Рашэнні адносна пашырэння культу на ўвесь Касцёл прымае Апостальская Сталіца, якую рэгулярна інфармуюць адносна эўхарыстычнага культу і ласкаў, якія атрымліваюць вернікі ў гэтым месцы.
Варта дадаць, што пасля гэтага цуду ў Беластоцкай архідыяцэзіі жыва развіваецца эўхарыстычны культ, вернікі часцей удзельнічаюць у Імшы і прыступаюць да Камуніі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Тэрэса Марганская