15 красавіка ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне з нагоды набліжэння святаў Уваскрасення Пана адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства. У сустрэчы прыняло ўдзел каля 80 чалавек.
Сабраных частавалі курыным булёнам, смажананымі каўбаскамі з бульбай і салёнымі агуркамі, а на дэсерт - пасхальным кулічом.
Перад спажываннем святочнага пасілку ўсіх прысутных прывіталі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар дома начнога прабывання ў Гродне Яўген Ярмантовіч і прадстаўнікі Дабрачыннага кталіцкага таварыства "Карытас", пры падтрымцы якога зладзілі спатканне.
Іерарх павіншаваў сабраных з надыходзячым святам Вялікадня і пажадаў, каб нягледзечы на розныя жыццёвыя абставіны, ніхто не адчуваў сябе самотным і пакінутым. "Езус можа запоўніць вашыя сэрцы і адказаць на патрэбы душы. Ён любіць кожнага з вас, - запэўніў біскуп. - Важна і тое, што вы прынялі нашае запрашэнне і сабраліся тут, каб разам правесці час у братэрскай атмасферы".
Біскуп асвяціў пасілак, а затым асабіста ўручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы яйка, якое з’яўляецца сімвалам плоднасці, адраджэння жыцця і знакам перамогі Хрыста над смерцю.
Акрамя святочных сустрэч перад Вялікаднем і Раством, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў назарэтанскай сталовай. Калі людзі маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, яны таксама маюць магчымасць звярнуцца ў “Карытас” з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Знайсці прытулак на ноч бяздомныя могуць у гарадскім доме начнога прабывання.
***
"Клапаціцеся пра кожнае Божае стварэнне. Аднак у першую чаргу клапаціцеся пра тых, хто не мае самага неабходнага для жыцця" (Папа Францішак).
Ангеліна Марцішэўская