Skip to main content

Адказаць на крык бедных: акцыя “Карытас” з нагоды Сусветнага дня бедных

karytas ubogija 17Kаталіцкі Касцёл у справе евангелізацыі не можа забываць пра найбяднейшых. Па-першае, таму, што такая логіка Евангелля, а па-другое – як падкрэслівае Папа Францішак, – бо толькі тады Касцёл будзе праўдзівым. Таму ўсе супольнасці вернікаў ва ўсім свеце заахвочваюцца станавіцца ўсё больш выразным і канкрэтным знакам любові Хрыста да апошніх у свеце і найбольш патрабуючых.

Мы “даўжнікі” бедных

У сувязі з гэтым Папам Францішак устанавіў на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці Сусветны дзень бедных. Ён адзначаецца ў Касцёле кожную ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.

У сёлетнім пасланні на Сусветны дзень бедных Пантыфік заклікаў усіх адчуць сябе “даўжнікамі” бедных, бо калі “працягваем рукі адзін да аднаго, адбываецца збаўчая сустрэча, якая падтрымлівае веру, робіць дзейснай любоў і запальвае надзею, каб з упэўненасцю працягваць крочыць па шляху да Пана, Які прыходзіць”.

karytas ubogija 9

Менавіта такое працягванне рук патрабуючым здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, наведаўшы 20 лістапада жыхароў Дома начнога прабывання для асобаў без пэўнага месца жыхарства ў Гродне. Іерарх прыбыў разам з дырэктарам Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі кс. д-рам Раманам Рачко. Дабрачынная арганізацыя перадала ў гэты дзень падарункі для людзей, якія не маюць даху над галавой і вымушаны пражываць у гэтым доме.

Вера перамагае праблемы

Падчас сустрэчы з жыхарамі гэтага дома іерарх запэўніў, што Каталіцкі Касцёл стараецца выходзіць па меры сваіх магчымасцяў на сустрэчу з усімі патрабуючымі. Ён пажадаў, каб вера і надзея ў іх сэрцах ніколі не згасала. “Дзякуючы веры мы здольныя перамагаць усялякія цяжкасці і праблемы”, – дадаў біскуп.

Ксёндз Раман Рачко нагадаў, што “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі заўсёды адкрыты на патрэбы бедных. Доказам гэтай адкрытасці з’яўляецца сталоўка пры гродзенскім кляштары сясцёр назарэтанак побач з Галоўным паштамтам, дзе цёплы пасілак рыхтуе дабрачыннае таварыства. У “Карытас” можна таксама атрымаць вопратку.

karytas ubogija 8

Біскуп Кашкевіч падзякаваў кіраўніцтву гэтага дома ў асобе Яўгена Ярмантовіча за штодзённы клопат аб людзях, якім патрэбна падтрымка. Іерарх адзначыў, што гэта вялікі ўклад у чалавека, які не мае ўласнага даху над галавой. Дом начнога прабывання для асобаў без пэўнага месца жыхарства ў Гродне з’яўляецца менавіта такой заменай свайго дома для іх. Персанал з 10 чалавек стараецца стварыць тут адпаведныя ўмовы, каб кожны жыхар мог адчуваць сябе як мага лепш.

Святы Айцец у сёлетнім пасланні адзначае таксама, што той, “хто пачынае служыць, становіцца прыладай у руках Бога, каб заззяла Яго прысутнасць і Яго збаўленне”. Няхай жа служэнне Касцёла і дзяржавы бедным адказвае на крык тых, хто ў патрэбе, які штодня становіцца ўсё больш і больш моцным. Няхай яго не заглушае гоман багацеяў, якія становяцца ўсё багацейшымі.

Даведка:

Дом начнога прабывання для асобаў без пэўнага месца жыхарства ў Гродне па вул. Карскага быў заснаваны ў 2008 г. Тут могуць знайсці свой “дом” каля 50 чалавек. У дадзены момант гэтая сямя складаецца з 30 чалавек, пераважна мужчын, ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. Гарадскія ўлады стварылі для гэтых людзей усе неабходныя жыллёва-бытавыя ўмовы для штодзённыя жыцця.

На першым паверсе размясціліся падсобныя памяшканні, санітарны прапускнік, ізалятар, пакой прыёму ежы, душавыя кабіны. На другім паверсе – пакоі для пражывання. Жыць тут можна ад месяца да года, хаця ў некаторых выпадках дамова можа прадаўжацца.

Для бяспекі жыхароў арганізаваны відэанагляд, у кожным пакоі – гучнагаворачыя абсталяванні, ля галоўнага ўваходу дзяжурыць ахоўнік. Пры ўваходзе ў дом кожнага жыхара чакае праверка алкатэстам. Для забруджанай вопраткі існуе спецыяльная дэзінфекцыйная шафа.

Дырэкцыя дома начнога прабывання праводзіць раз у месяц з кожным паасобку і з усімі разам рэгулярныя размовы.

 

Кс. Юрый Марціновіч