1 кастрычніка група вернікаў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне прыняла ўдзел у Архідыяцэзіяльным дні Эўхарыстыі ў Сакулцы (Польшча).
Некалькі гадоў таму ў касцёле св. Антонія Падуанскага ў Сакулцы, недалёка ад беларускай мяжы, здарыўся эўхарыстычны цуд. Падчас удзялення святой Камуніі камунікант упаў на замлю. Святар, згодна з касцёльнай практыкай, змясціў яго ў невялікую пасудзіну з вадой каля табэрнакулюма. Аднак камунікант не распусціўся ў вадзе, а пачырванеў. Былі праведзены адпаведныя навуковыя даследаванні, у выніку якіх аказалася, што камунікант ператварыўся ў мышцу сэрца.
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што толькі ў кантэксце Эўхарыстыі можна зразумець таямніцу знаку і пазнаць пасланне, якое Хрыстус перадае ў сакулскім санктуарыі: “Мы ўсведамляем, што, паколькі знак сваёй прысутнасці Ён пакінуў нам у Эўхарыстыі, то мы павінны пачынаць ад Эўхарыстыі. Мы павінны спачатку выявіць яе сэнс і значэнне для нашага хрысціянскага жыцця. Павінны лепш пазнаць і зразумець, чым з’яўляецца Эўхарыстыя!”
Арцыбіскуп нагадаў, што ў Эўхарыстыі прысутнічае жывы, асобасны Езус Хрыстус, Бог, які прынізіўся да ўзроўню чалавека, “каб з ім усталяваць дыялог, дыялог жыцця, збаўчы дыялог”.
У сувязі з ласкамі, якія людзі атрымліваюць у сакулскай святыні, касцёл св. Антонія – месца эўхарыстычнага цуду – 25 сакавіка гэтага года быў узведзены ў ранг санктуарыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Штогод сюды прыязджаюць да 100 тысяч пілігрымаў, найчасцей просячы аб ласцы аздараўлення, навяртання, выпраўлення сямейнага жыцця ці ласцы зачацця дзіцяці.
Пасля навуковых даследаванняў патамарфолагаў і заключэнняў спецыяльна прызначанай камісіі, эўхарыстычны цуд у Сакулцы быў прызнаны на дыяцэзіяльным узроўні. На сённяшні момант старанна сабраны ўсе сведчанні атрыманых ласкаў і пацвярджэнні даследаванняў невытлумачальных з медыцынскага пункту гледжання вылячэнняў.
Рашэнні адносна пашырэння культу на ўвесь Касцёл прымае Апостальская Сталіца, якую рэгулярна інфармуюць адносна эўхарыстычнага культу і ласкаў, якія атрымліваюць вернікі ў гэтым месцы.
Пілігрымы з Сапоцкіна ў гэты дзень наведалі таксама санктуарый Маці Божай Балеснай у Святой Водзе каля Беластока, дзе маліліся ў інтэнцыі сваёй парафіяльнай супольнасці і ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Тэрэсы Марганскай