22 лістапада ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адбылося ўрачыстае адкрыццё алтара св. Тройцы. Перад распачаццем св. Імшы а 12 гадзіне кс. бп. Аляксандр Кашкевіч нанова асвяціў адрэстаўраваны алтар.
Каб стаць сведкамі адкрыцця алтара ў гродзенскай катэдры сабралося шмат вернікаў з усіх парафій г. Гродна і па-за межаў горада.
Падчас гаміліі кс. Раман Катлімоўскі адзначыў, што адрэстаўраваны алтар сімвалізуе жаданне людзей мець больш месца для Бога:
- А калі на гэтай зямлі будзе больш месца для Бога, то на ёй будзе менш турмаў, менш разводаў, менш сумных рэчаў.
Перад афіцыйнай цырымоніяй падзякі пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі падзяліўся з прысутнымі гісторыяй і зместам алтара св. Тройцы. Кс. Ян адзначыў, што на алтары прысутнічаюць шматлікія фігуры святых, між іншымі, св. апосталаў Пятра і Паўла, св. Яна Евангелісты, св. Ізыдора, св. Дамініка і іншыя. На самым версе ў цэнтры алтара таксама можна ўбачыць невялікую фігуру Езуса Уваскрослага, якая, як мяркуецца, была перанесена ў катэдру з Фары Вітаўта і налічвае больш за 300 гадоў існавання.
Ксёндз пробашч падкрэсліў, што працы над алтаром св. Тройцы праходзілі з асаблівай цяжкасцю, бо пад стыль гэтага алтара будуць рэстаўраваць усе астатнія:
- Пры аднаўленні алтара мы не ўводзілі нічога новага, а толькі ажыўлялі былую прыгажосць. Новаўвядзеннем стаў толькі колер алтара. Ранейшы – чырвона-карычневы – не падышоў бы да цяперашняга ўбрання касцёла.
Напрыканцы кс. Ян падзякаваў усім ахвярадаўцам і рэстаўратарам алтара. Пры выхадзе з касцёла ўсе маглі атрымаць маленькі дыплом удзячнасці, у знак таго, як адзначыў кс. пробашч, што аднаўленне алтара – гэта заслуга кожнага.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая