XХVІI Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
І сёння мы, як дзьве тысячы год назад, разам з апосталамі просім Пана, каб дадаў нам веры. Сапраўды, запытаем сябе, ці прашу я Госпада, каб умацаваў маю веру. Цяпер у паўсюдным касцёле перажываем Год Веры. А што гэта азначае для мяне? Ці зрабіў я хоць штосьці, каб мая вера была больш моцнай, праўдзівай і жывой? Мы павінны памятаць, як піша апостал Павел да Карынцянаў, каб “Вера ваша абапіралася не на мудрасці людзей, але на моцы Божай” (1 Кар 2,5), бо “вера родзіцца з таго, што мы чуем, а тым, што мы чуем, ёсць слова Хрыста” (Рым 10,17). Чым больш мы будзем чытаць і жыць паводле Святога Пісання, тым большай будзе наша вера і здольнасць перанясці ўсялякія цяжкасці, якія будзем сустракаць на жыццёвым шляху, бо калі будзем моцныя верай, нішто не здолее нас перамагчы, “у кожнай сітуацыі бярыце веру як шчыт (Эф 6,16).
Другая палова сённяшняга евангелля заклікае нас паглядзець на тое, каму мы служым і як. Бо кожны з нас з’яўляецца слугой Пана. Ці дзякуем Пану за тое, што можам выконваць Яго волю, і што толькі дзякуючы Яму, мы можам выканаць тое, што Ён для нас прыгатаваў, бо мы сапраўды “нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць” (Лк 17,10). А як часта хочам, каб нас хвалілі, або ганарымся тым, што мы зрабілі і забываем, што ўсё што мы зрабілі – гэта толькі дзякуючы ласцы Пана.