У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава “Таямнічая сіла крыжа”. Выстава прысвечаная ролі Крыжа ў жыцці чалавека і ў жыцці хрысціянскай царквы.
Крыж у хрысціянсве - сімвал збаўлення, перамогі над смерцю, надзеі на вечнае жыццё. Яго культ развіваецца з ІІІ - ІV стст. Хрысціяне , падзеленыя на асобныя канфесіі, захавалі шанаванне гэтага свайго галоўнага сімвала.
У экспазіцыі прадстаўлены металічныя і драўляныя крыжы, наперсныя крыжы, нацельныя крыжы, скульптурныя выявы крыжоў, крыжы-ўзнагароды. Частка экспанатаў – гэта карціны, іконы, гарэльефы, барэльефы, скульптуры, а таксама старажытныя фаліянты і адзенне.
Большасць экспанатаў уласнасць музея, аднак тут таксама ёсць і зборы прыватных калекцыянераў.Самымі старадаўнімі прадметамі на выставе з’яўляюцца нацельныя крыжы-энкальпіёны ХІ-ХІІІ ст.
Аўтар выставы, старэйшы навуковы супрацоўнік С. Казуля сказаў: “З пункту гледжання сімвалаў, крыж надзвычай цікавы як метамарфоза, бо пераўтварыўся фактычна з сімвалу смерці ў Рымскай імперыі ў сімвал жыцця ў хрысціянтве. Таму сімвал крыжа і ягоная таямніца назаўжды застануцца невычарпальнай тэмай для даследчыкаў”.
Наведаць выставу і даведацца больш пра “таямнічую сілу крыжа” можна на працягу восені ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі па адрасу вул. Замкавая, 16.