Skip to main content

Гродзенская Вышэйшая Духоўная Семінарыя распачала новы навучальны год (дададзены фотаздымкі)

У суботу 14-га верасня святочна распачаўся новы навучальны год у Гродзенскай ВДС. 23-цяя інаўгурацыйная ўрачыстасць, распачалася а 12-й гадзіне са св. Імшы, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч.

 

Падчас св. Імшы, цэлебраванай ў семінарыйнай капліцы, казанне сказаў вядомы прапаведнік з суседняй Польшчы, а. Юзэф Аўгустын SI у якім ён раскрыў сэнс служэння і вялікасці святара, якое павінна атаясамлівацца з крыжом Збавіцеля, Езуса Хрыста. Таксама ў часе літургіі Эўхарыстычнай Ахвяры чатыры студэнты трэцяга курса, першы раз у сваім жыцці апранулі сутаны, асвечаныя Гродзенскім біскупам.

Другая частка інаўгурацыі перайшла з семінарыйнай капліцы ў залу імя бл. Яна Паўла ІІ. Ардынарый у сваім уступным слове заклікаў студэнтаў семінарыі, добра ўсвядоміць сэнс таго шляху, які яны абралі.

"(...) Святар не толькі цэлебруе Эўхарыстыю, але перад усім дзейнічае "In Persona Christi" - ад імя асобы Езуса Хрыста (...), толькі ў асобе Езуса Хрыста святар можа распазнаць свой сапраўдны вобраз...".

Яго Эксцэленцыя таксама нагадаў пра важнасць семінарыйнай фармацыі, якая павінна абапірацца перш за ўсё:

"(...) на салідным фундаменце гуманнасці. (...) Перад вамі наступны год, наступны этап дарогі да святарства ў школе Езуса Хрыста, якой з'яўляецца духоўная семінарыя. Старайцеся выкарыстаць гэты час як найлепш. Багацце вашага служэння залежыць ад таго, колькі вы вынясеце менавіта з семінарыі. Наследуйце верна Езуса Хрыста, які вас кліча да святарства...".

Асобнае слова іерарх скіраваў да алюмнаў (студэнтаў) першага курса семінарыі:

"Жадаю вам добрага распачацця новага этапа ў вашым жыцці. Няхай Хрыстус дапаможа вам знайсці сябе ў новым асяроддзі, якім у найбліжэйшым часе будзе для вас семінарыя".

Пасля словаў архіпастара кс. прэфект Ян Радзюк зачытаў справаздачу з падзей, якія адбыліся ў  папярэднім навучальным годзе.

Урачыстую інаўгурацыйную лекцыю на тэму "Заходняе хрысціянства на землях сучаснай Беларусі ў X-XIV стагоддзях” прачытаў кс. Віталій Сідорка, новапрызначаны прэфект і выкладчык.

Завяршэнне інаўгурацыйнай урачыстасці папярэдзілі словы, Яго Магніфіцэнцыі, кс. прэлата Юзэфа Станеўскага, рэктара Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне, у якіх ён заклікаў: " (...) Шаноўныя клерыкі, алюмны ўсіх курсаў, цяпер Бог вас кліча, каб у будучыні аддацца Хрысту. Старайцеся перамяняць самых сябе паводле Яго вобраза...". Пасля гэтага кс. рэктар урачыста абвясціў новы 2013/2014 навучальны год.

Сёлета пяць юнакоў адчулі сваё пакліканне да святарства і вырашылі пайсці за Хрыстом. У гэты момант яны распачынаюць свой сямігадовы падрыхтоўчы шлях. 14-га верасня для іх быў асаблівым днём, калі яны ўпершыню атрымалі заліковыя кніжкі і пачуліся паўнапраўнымі членамі семінарыйнай супольнасці.

На дадзены момант у Гродзенскай Духоўнай Семінарыі навучаецца 36 студэнтаў з розных куткоў дыяцэзіі. За даволі працяглы час існавання (23 гады) семінарыю скончыла вялікая колькасць святароў, якія на дадзены момант абвяшчаюць Евангелле не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы (Украіна, Расія, Казахстан, Літва, Латвія, Германія).

Падрыхтавалі кс. Юрый Жэгарын, кс. Юрый Барташэвіч