XХІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
Пасля прачытання нядзельнага Евангелля, першае, аб чым падумалася: чаму мы, людзі ХХІ стагоддзя, часта не маем часу, каб запрасіць сваіх сяброў, блізкіх, знаёмых на вячэру ці абед, каб пагутарыць, паглядзець адзін аднаму ў вочы, падзяліцца тым, што перапаўняе сэрца. Мы часта не маем часу адзін для аднаго, не ўмеем быць разам і гэтым цешыцца, выбіраем гутарку па тэлефоне ці праз інтэрнэт, але гэта ніколі не заменіць сапраўднага спаткання.
На ўсходзе вельмі вялікую ролю адыгрывалі спатканні за сталом, аб чым і сёння нам кажа Евангелле. Фарысеі часта запрашалі Езуса ў гасціну і гутарылі з Ім. Але сёння Хрыстос кіруе да нас навуку аб ганарыстасці, вучыць не шукаць першага месца і быць бескарыснымі людзьмі.
Мы ведаем з гісторыі, што фарысеі не былі багатымі людзьмі, але яны ганарыліся тым, што выконвалі Права беспамылкова, і гэта было для іх найважнейшае. Іншыя людзі – тыя, хто не выконваў права – былі для ніх толькі грэшнікамі, астатнімі з астатніх. Фарысеі любілі быць усюды першымі, яны прагнулі, каб іх шанавалі, выстаўляліся напаказ і ганарыліся тым, што ведаюць Права.
Сёння таксама людзі хочуць, каб іх заўважалі, хвалілі. Часам што толькі чалавек не робіць, каб быць лепшым за іншых, каб мець лепшую працу, лепшую машыну, лепшыя вынікі ў навуцы… і параўноўвае сябе з іншымі, і паказвае перад начальствам, што ён лепшы, і ўзвышае сябе ў вачах іншых, што “я больш здольны, чым той”, “я лепш ад яго гэта зраблю” і гэтак далей. Трэба памятаць словы Езуса: “хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе – узвысіцца”.
І яшчэ Хрыстос заахвочвае нас паступаць бескарысна. Сённяшні свет кажа чыніць так: як ты мне штосьці зробіш – тады і я табе, а Біблія вучыць нас у адным з пасланняў Святога Паўла, што больш шчасця мае той, хто адорвае, а не той, хто атрымоўвае. Калі сапраўды робіш штосьці ад чыстага сэрца – атрымаеш заплату ў “дзень уваскрашэння справядлівых”.