Skip to main content

Дзеці з Вішнева адпачылі ў Гданьску

Дзеці з парафіі ў Вішнева (Смаргонскі р-н) вярнуліся з Гданьска, дзе адпачывалі разам са сваім душпастарам кс. Антоніем Казлоўскім і апекунамі. Пра тое, як правялі свой адпачынак маладыя вернікі, распавядае спадарыня Жанна Гацко.


- Скажыце, калі ласка, вы былі ў паездцы за мяжой першы раз? Калі не, то дзе і як адпачывалі да гэтага?

- Апошняя, найбольш запамінальная паездка адбылася ў траўні: пашчаслівілася трапіць у Ватыкан. Да гэтага шмат разоў давялося пабываць у Польшчы, але гэта не перашкодзіла з задавальненнем наведаць краіну-суседку яшчэ раз.

- Ці была вялікай вашая група?

- Мы ездзілі невялікай суполкай: 16 дзяцей, 3 выхавальнікі і наш душпастар кс.Антоній Казлоўскі.

- Колькі часу вы правялі ў Гданьску?

- Нашыя вакацыі працягваліся два тыдні, кожны дзень мы імкнуліся правесці з карысцю.

- Як вы праводзілі вольны час?

- Праграму адпачынку падрыхтаваў польскі бок, які запрасіў нас. Мы хадзілі на шпацыр па Старым горадзе Гданьска, дзе ў жніўні праходзіў Дамініканскі кірмаш, паслухалі выдатны канцэрт і ўбачылі салют. Атрымалі магчымасць пабываць у ваенным порце (там як раз быў дзень адчыненых дзвярэй), акрамя таго, бачылі акіянарыум, наведалі іспанскі навучальны карабель і самы вялікі грузавы карабель «Маерск». Неяк прайшлі пешшу па пляжы з Гданьска ў Сопат. У Сопаце бачылі Гранд гатэль і незвычайны, быццам казачны, Крывы домік, Мэрыю горада. Незабыўныя успаміны пакінула Вэстэр Плятэ, дзе пачалася ІІ Сусветная Вайна.

- Якія святыні вы наведалі?

- За адведзены нам час мы паспелі пабываць у гданьскай Катэдры, ваенным касцёле Сопата. Штодня прымалі ўдзел у святой Імшы, якая праходзіла ў касцёле святога Антонія, недалёка ад месца нашага размяшчэння.

- Што вас наібольш уразіла?

- Яшчэ доўгі час мы будзем успамінаць, як узыходзілі на купал Марыяцкага касцёла – гэта немагчыма апісаць звычайнымі словамі.

Размаўляла Алена Ільгявічуце