Skip to main content

XІХ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XІХ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

 Літургія слова дзевятнаццатай звычайнай нядзелі хоча кожнага з нас заахвоціць да разважання над сваёй верай: “Якая яна? Ці я на працягу свайго жыцця паглыбляю яе? Ці паглыбляю веды аб Пану Богу, аб Езусе Хрысце, аб Марыі, аб святых? Ці мяне цікавіць тое, што адбываецца ў Касцёле? Ці чынна ўдзельнічаю ў жыцці сваёй парафіяльнай сям'і?”

Як кажа апостал Павел у Пасланні да Габрэяў: “Вера – гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым” (Гбр 11,1).

Ведаеце, дарагія чытачы нашага каталіцкага парталу, – веры цяжка навучыць чалавека, бо рана ці позна кожны сутыкаецца з цяжкасцямі, якія датычаць не толькі духоўнага жыцця, аб якім мы з вамі разважалі ў сямнаццатаю звычайную нядзелю, але таксама датычаць нашага паўсядзённага жыцця. Сярод жыццёвых цяжкасцяў можна вылучыць закладанне сям’,і (чалавек не лічыцца з Правам Нябеснага Айца, з-за “кахання”), выхаванне дзяцей (не буду даваць ім прыкладу хрысціянскага жыцця, ці нават не буду хрысціць – вырастуць і самі вырашаць, ці ім “гэта” патрэбна), выконваемую працу, жыццёвую “свабоду” (права выбару), узрост (яшчэ малады і паспею надрабіць запазычанасць па рэлігійным практыкам, ці ўжо занадта пажылы і цяжка выправіць дрэнныя звычкі) і г.д.

Можа, вам захочацца адразу адыйсці на пэўную дыстанцыю ад сённяшняй нашай тэмы і ад майго разважання пасля пададзеных прыкладаў. Паверце, што не адзін з іх не ўзяты з неба, але за час майго служэння я, на жаль, спаткаўся неаднаразова з такімі тлумачэннямі, якімі людзі апраўдваюць грэбаванне сваёй верай. Зазвычай людзі кажуць, што той ці іншы святар не разумее жыцця, бо ці замалады, ці застары. Такія вернікі забываюцца, што святар, нягледзячы на свой век, дадзены для той ці іншай парафіяльнай сям’і, каб дапамагаць у дарозе да Неба, каб узмацняць сваю веру і веру сваіх парафіянаў. Напэўна, самай галоўнай задачай святара, паводле сённяшняга Евангелля, будзе не пабудова будынкаў, але клопат, каб кожны з яго парафіянаў быў прыгатаваны на спатканне з Любячым Айцом у Валадарстве Нябесным: “… бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства” (Лк 12,32).

Бог даў кожнаму з нас магчымасць уступіць у парогі Неба і цешыцца хвалой збаўленых, толькі Ён даў таксама і кожнаму з нас магчымасць выбіраць. І грунтуючыся на згаданыя вышэй тлумачэнні людзей, выбар свой чалавек робіць не заўсёды ў бок Нябеснага Айца.

Чалавек, жывучы на зямлі, не хоча і думаць пра справы Неба, пра тое, што чакае кожнага пасля зямной пілігрымкі: неба альбо пекла. Касцёл праз сённяшнюю Добрую Навіну прыпамінае нам аб чуванні, бо “шчаслівыя тыя слугі”, якія заўсёды прыгатаваныя спаткаць Айца тварам у твар, калі бы Ён не паклікаў іх да Сябе, а “жорстка пакарае” тых, хто не клапаціўся аб узрастанні сваёй веры, хто не быў прыгатаваны.

Дарагая сястра, дарагі брат, якія прачыталі да канца сённяшняе разважанне, – Бог любіць цябе, Бог чакае цябе, Ён хоча адарыць цябе сваёй любоўю і сваім благаслаўленнем! Паслухай сваё сэрца, бо там, як кажуць людзі, жыве любоў – Любоў, якая і ёсць Твой Любячы Айцец… Не марнуй дадзенага Ім табе часу пілігрымавання на зямлі…