Skip to main content

Кард. Казімір Ныч узначаліў св. Імшу ў Гродзенскай катэдры

img 6650 thumbУ суботу, 3 жніўня Гродзенская катэдральная парафія прымала рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, што супала з святкаваннем урачыстасці Кангрэгацкай Маці Божай і прыездам вялікага госця  кс. кардынала Казіміра Ныча, мітрапаліта Варшаўскага, які ўзначаліў св. Імшу ў катэдры а 19 гадзіне.

Падзея сабрала вялікую колькасць гродзенцаў. Пры ўваходзе ў святыню рэліквіі сустрэў Гродзенскі ардынарый, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку св. Імшы біскуп Гродзенскі прывітаў шаноўнага госця і ў некалькіх словах нагадаў пра шматпакутную гісторыю мясцовага Касцёла, пачатак адраджэння Яго структур, чаму паспрыяў між іншым візіт прымаса Юзэфа Глемпа на ўрачыстасці тысячагоддзя святкавання хрышчэння Русі ў 1988 годзе, а таксама заклікаў усіх прысутных у перажываным ў Каталіцкім Касцёле Годзе веры “... імкнуцца да святасці шляхам нашага паклікання”.

Яго Эмінэнцыя, кс. кардынал Казімір Ныч, мітрапаліт Варшаўскі ў сваім казанні падзяліўся досведам з перажытых Сусветных Дзён Моладзі, якія гэтым разам праходзілі ў Рыо дэ Жанэйра (Бразілія). Кардынал не хаваў свайго захаплення гледзячы на “малады Касцёл у Бразіліі, які з’яўляецца Містычным Целам Хрыста. Ён адзіны і Яго не здолеюць падзяліць межы дзяржаў і народаў… Свет пачынае перажываць новую сувязь з Госпадам. Таму ў Польшчы і Беларусі мы павінны яшчэ шмат папрацаваць, каб больш злучыцца з Богам ...”. Таксама Яго Эмінэнцыя з радасцю нагадаў пра тое, што наступныя Сусветныя Дні Моладзі адбудуцца ў Кракаве, і ў 2016 годзе будзе “дакладна 25 гадоў з моманту калі Сусветныя Дні Моладзі з Янам Паўлам ІІ праходзілі ў Чанстахове ...”.

Мітрапаліт Варшаўскі выразіў жаданне, каб “наступныя Сусветныя Дні Моладзі былі адкрытыя перш за ўсё на Вас, каб вы змаглі праз тры гады быць у Польшчы пры папе Францішку”.

На заканчэнне літургіі Эўхарыстычнай Ахвяры пробашч Гродзенскай катэдральнай парафіі кс. Ян Кучынскі падзякаваў кардыналу і ўсім вернікаў за супольную малітву і прысутнасць.