Skip to main content

XVІІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XVІІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Марнасць марнасцяў, – кажа Эклезіяст, – марнасць марнасцяў і ўсё марнасць”.

Кожны з нас павінен узяць да свайго сэрца словы Эклезіяста-прапаведніка, які вельмі добра адлюстраваў хуткацечнасць жыцця кожнага з нас.

І з-за гэтага ўсе людзі, жывучыя на зямлі, павінны клапаціцца аб сваёй душы, бо, як кажа аўтар 107-га Псальму:

Дні чалавека, як трава;

квітнее, як палявая кветка.

Ледзь вецер падзьме – і няма яго,

і месца, дзе ён быў, не пазнае яго.

Міласць Госпада на вякі яго прыхільнікам,

і праўда Яго на дзецях дзяцей,

над тымі, хто захоўвае запавет Ягоны.

І не забудзьцеся выконваць запаведзі Яго”.

 

Багаты чалавек з сённяшняга Святога Евангелля, напэўна, забыўся аб хуткацечнасці свайго жыцця. І напэўна з гэтай прычыны плануе сваё зямное жыццё, пакладаючы свой лёс выключна зямным дабротам.

Падобныя думкі і клопат аб здабыванні як мага больш матэрыяльных сродкаў могуць і кожнаму з нас закрыць вочы і сэрца на Бога і на Яго запаведзі. Жывучы на зямлі, мы жывём у пастаяннай пагоні за здабываннем як мага большага матэрыяльнага дабрабыту, мы не любім тых, хто абагаціўся хутчэй за нас, не любім тых, хто мае больш, чым мы.

Валерый Паўленка піша так: “У дзіцячым узросце зайздросціш старэйшаму брату ад таго, што маці кладзе яму больш кашы. Стаўшы школьнікам, зайздросціш старшакласнікам. Стаўшы старшакласнікам, зайздросціш студэнтам. Стаўшы студэнтам, зайздросціш жанатым людзям. Ажаніўшыся, зайздросціш халасцякам. Стаўшы дарослым, зайздросціш багатым. Стаўшы багатым, зайздросціш маючым уладу. Стаўшы ў руля ўлады, зайздросціш Богу. Стаўшы Богам, зайздросціш Напалеону або Людовіку, у палату якіх людзі ў белых халатах носяць больш той жа кашы”.

Усё жыццё чалавека прасякнутае зайздрасцю, як той чарвяк, яна паядае кожнага, хто ёй не супрацівіцца. А пасля зайздрасці прыходзіць гнеў, нянавісць, а пасля і пакланенне ідалу – багаццю. Усё гэта вядзе да смерці духоўнага жыцця…

Дарагія нашы чытачы, хацеў бы звярнуцца да кожнага з вас: “Не рабіце сабе ідалу – багацця!” За кожнага з нас Езус Хрыстус заплаціў вельмі вялікую цану – цану сваёй мукі і смерці на крыжы. Няхай кожны з нас прыслухаецца да словаў Нашага Госпада: “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць; а збірайце сабе скарбы на Небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша”. (Мт 6,19-21) Няхай кожны стараецца здабываць сабе багацці ў Небе праз сваю малітву, удзел у нядзельнай і святочнай Імшы, праз прыняцце святых Сакрамантаў, дапамогу іншаму чалавеку, праз сваю зычлівасць, добрае слова, усмешку.

Матэрыяльныя рэчы, якія мы набываем, з якіх карыстаемся, павінны нам служыць, а не мы ім, бо на жаль у жыцці людзей бывае ўсё наадварот. Кожны з нас напэўна павінен узгадаць Кнігу Быцця, дзе Бог, стварыўшы чалавека, благаславіў яго і даў яму створаны Сабою свет на ўласнасць. І чалавек павінен з вялікай пашанай карыстацца дадзеным яму праз Творцу навакольным светам.