Skip to main content

XVІІI Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

XVІІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сённяшняя прыпавесць Езуса вучыць нас асцерагацца ўсялякай прагнасці і не збіраць сабе скарбы, але багацець перад Богам. Людзі не толькі сённяшняга пакалення, таксама як і дзве тысячы год назад, любяць збіраць багацце – жадаюць мець шмат маёмасці, і чым больш чалавек мае, тым больш яму хочацца яшчэ і яшчэ. Усё гэта, як чытаем у Першым чытанні, таксама марнасць, бо нават і ўначы такі чалавек не мае супакою. Такога чалавека Езус называе “Неразумным” – не ведае чалавек, калі прыйдзе смерць, і з чым стане душа чалавека перад Богам.

Бог ёсць любоў. Калі мы будзем жыць паводле запаведзі любові, якую дараваў нам Езус – будзем багатымі перад Богам, бо любоў сапраўднае багацце, яна ўсё заключае, “знікне і дар прароцтва…і найбольшае ёсць любоў “. Як чытаем у Першым пасланні да Карынцянаў - застанецца толькі любоў. Здаецца так ўсё проста, але і складана. Нашым блізкім мы хочам забяспечыць іх будучыню, але калі мы не будзем дарыць ім любоў – усё іншае будзе не важнае. Чалавек патрабуе любові як паветра, яму трэба адчуваць, што яго кахаюць бацькі, сёстры і браты, сябры. Калі з любоўю будзем клапаціцца аб іншых, тады будзем багатымі перад Богам. Перш за ўсё любоў – “бо яна цярплівая, не зайздросціць, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае злога…” (1 Кор 13,4-12).

Як піша Святы Апостал Павел у пасланні да Каласянаў (другое чытанне), “трэба шукаць таго, што ў гары, дзе Езус”. Святы Павел заклікае нас, каб мы здзіралі з сябе ўчынкі “старога чалавека” і абнаўляліся ў Хрысце.

Запытаем сябе, ці сапраўды маё сэрца належыць да Бога? “Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё”. Будзем жа ўзрастаць у любові, каб быць багатымі у Бога!