Skip to main content

У Гродзенскую ВДС залічана чатыры кандыдаты

29 ліпеня ў Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі адбыўся ўступны экзамен па выніках якога да падрахтоўкі да святарства былі залічаныя чатыры кандыдаты, якія паходзяць з Капцёўкі (Гродзенскі р-н), Ліды (парафія Ўзвышэння св. Крыжа і парафія святой Сям’і ) і Ваўкавыску (парафія св. Станіслава Косткі).

 

Маладыя хлопцы з ліку кандыдатаў ахвотна згадзіліся падзяліцца сваімі меркаваннямі адносна прынятага імі важнага жыццёвага рашэння.

 

IMG 6278 thumbПавел Шэмет, з парафіі Капцёўка сказаў, што ў Семінарыю яго прывяло “прагненне служыць Богу і бліжнім праз прапаведванне Евангелля ў святарстве”. Пакліканне ён разпазнаў дзякуючы мясцоваму душпастару, а цвёрды намер падаць дакументы ў гэтую навучальную ўстанову дзякуючы рэкалекцыям паклікання. На пытанне чым з’яўляецца святарства, Павел адказаў: “Божым дарам, які дадзены дзеля таго, каб весці добрым, Божым шляхам іншых людзей прапаведуючы Божае Слова”.

 

IMG 6280 thumb

 

Для Тамаша Мікалайчыка з лідскай парафіі Узвышэння св. Крыжа на выбар вялікі ўплыў аказала міністранцкая практыка на працягу 13-ці гадоў, падчас якой ён пазнаёміўся са шматлікімі святарамі і дзякуючы іх прыкладу і стылю жыцця адкрыў сваё пакліканне. Рэкалекцыі ў семінарыі дапамаглі яму зрабіць канкрэтны крок. Аб святарстве Тамаш сказаў што “гэта вялікая самавырачэнне на карысць іншых людзей і ахвяра самога сябе Богу”.

 

 

IMG 6284 thumbАндрэя Буцько з парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску перапаўняе жаданне абвяшчаць Добрую Вестку аб Хрысце і асвячаць людзей ў іерархічным святарстве. Пакліканне ў Андрэя зараджалася таксама падчас служэння пры алтары з дзяцінства, хоць ён разглядае сваё пакліканне Богам як таямніцу, якую "можна будзе трошкі пазнаць з перспектывы часу, а поўнасцю – у Нябесным Валадарстве".

 

 

IMG 6289 thumb

 

Дзмітрый Малец з парафіі св. Сям’і сказаў што ў Семінарыю яго прывялі рэкалекцыі паклікання, а таксама замілаванне да малітвы і цішыні, якая дазваляе прааналізаваць сваё жыццё і будучае святарства, якое з’яўляецца дарам і таямніцай.

 

 

 

 

Кс. прэлат Юзэф Станеўскі, рэктар Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, які як сам зазначыў працуе ў гэтай на вучальнай установе ў якасці выхавацеля ўжо на працягу 14-ці гадоў, для grodnensis.by распавёў, што

“раней кандыдатаў на святарства прыходзіла на шмат больш, дзесці каля 20-ці чалавек і людзі тады былі больш сталейшыя ўзростам і больш эмацыянальна ўфармаваныя. Пакаленне цяперашніх кандыдатаў валодае большымі рэлігійнымі ведамі і літургічнай практыкай, таму што большасць на працягу многіх гадоў служылі пры алтары ў якасці міністрантаў і прымалі ўдзел у пастаяннай катэхізацыі пры парафіях, маюць досвед супрацоўніцтва са святарамі і таму больш упэўненыя і адкрытыя ва ўзаемаадносінах, што пазітыўна можа паўплываць на фармацыйны працэс ў семінарыі. Агулам кажучы, у маладзёнаў можна заўважыць надмерную эмацыйнасць і хаатычнасць, а таксама цяжкасці ва ўзаемааданосінах з іншымі людзьмі, прычынай чаго, на мой погляд з’яўляецца недахоп рэальнай інтэрперсанальнай камунікацыі на карысць віртуальнасці: сацыяльныя сеткі, форумы, онлайн забавы”.

Кс. рэктар таксама расказаў як выглядае экзаменацыйны працэс:

“Распачынаем экзамены мы традыцыйна з малітвы - св. Імшы ў інтэнцыі кандыдатаў да святарства, каб Бог адарыў іх ласкай вытрымкі і асвяціў іх розум святлом Духа Святога. Пасля цэлебрацыі літургіі Эўхарыстычнай Ахвяры распачынаецца пісьмовая частка экзамену, дзе хлопцы павінны паказаць свае веды ў Святым Пісанні, Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, гісторыі Касцёла і літургічных справах. У другой частцы пісьмовага экзамену, будучыя семінарысты павінны напісаць чым для іх з’яўляецца святарства. Вусная, заключная частка экзамену, падсумоўвае і карэктуе папярэднюю. На пачатку навучальнага года, навучэнцы павінны таксама прайсці псіхалагічны тэст. З’езд першага курса адбываецца зазвычай на 10 дзён раней, чым прыезд у семінарыю студэнтаў старэйшых курсаў, дзеля таго каб кандыдаты маглі спакойна ўвайсці ў звычайны рытм семінарыйнага жыцця. Дарэчы, ў гэтым годзе з’езд першага курса адбудзецца другога верасня.

Кс. прэлат Юзэф скіраваў свае  словы да людзей, якія вырашылі або вырашаюць ісці шляхам да святарства  “каб памяталі, што пакліканне гэта Божы дар. Бог вас выбраў і таму трэба да гэтага падыйсці вельмі адказна. Чалавек, які хоча стаць святаром, мае быць перапоўнены сапраўднай радасцю, якой ён павінен дзяліцца з іншымі людзьмі. Вы павінны працаваць над тым, каб вашая вера ўзрастала і ўзмацнялася з дня на дзень. Вам трэба салідна падрыхтавацца, да выканання святарскай паслугі. Вы павінны стаць добрымі, Божымі святарамі дзеля дабра нашага народа, дзеля дабра Беларусі. Вы ідзяце да святарства не дзеля сябе, але дзеля іншых. Большасць вашых калег не жывуць па-хрысціянску і цяжка грашаць таму, што не ведаюць іншага стылю паводзін. Таму вы павінны паказваць ім сваім прыкладам сапраўднае, хрысціянскае жыццё паводле Божых наказаў ” – падсумаваў кс. рэктар.

 

Падрыхтаваў кс. Юрый Жэгарын