Skip to main content

Рэкалекцыі у семінарыі працягваюцца. Глядзіце фотарэпартаж

DSC 0338Больш 50 юнакоў з Гродзенскай дыяцэзіі ва ўзросце ад 15 гадоў і вышэй прымаюць удзел у рэкалекцыях паклікання ў Гродзенская вышэйшай семінарыі. Сёння хлопцы адправіліся на Аўгустоўскі канал, дзе іх чакае прагулка на цеплаходзе, размовы, праца ў групах, прэзентацыі, малітвы.

Учорашні дзень быў вельмі насычаны малітвамі, разважаннямі, размовамі. Хлопцы адведалі марыйны санктуарый у Капцёўцы, дзе прынялі удзел у святой імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч разам з рэктарам Гродзенскай семінарый кс. Юзафам Станеўскім, а таксама пробашчам санктуарыя кс. Міхалам Ластоўскім і духоўнымі айцамі семінарыі кс. Валерыем Быкоўскімі кс. Тадэвушам Крыштопікам, выкладчыкам семінарыі кс. Янам Радзюком. Рэктар прамовіў гамілію для юнакоў, падчас якой заахвоціў іх стаць прыкладам жывой веры ў Езуса Хрыста ў тым асяроддзі, у якім ім давялося жыць.

Таксама рэкалекцыяністы прайшлі з Крыжовым шляхам па яго стацыях вакол санктуарыя. У малітоўных разважаннях кожны меў магчымасць засяродзіцца на тым, што жыццё кожнага веруючага ўяўляе сабой своеасаблівы крыжовы шлях, па якім мы ідзем разам з Хрыстом.

Духоўную канферэнцыю ў Капцёўцы правёў для сабраных хлопцаў духоўны айцец семінарыі кс. Тадэвуш Крыштопік.

Вечарам, ужо ў семінарыі, хлопцы разам глядзелі фільм, вячэралі, гулялі ў спартыўныя гульні. А перад сном іх чакала сумесная Адарацыя Крыжа ў Пабернардынскім касцёле.