Skip to main content

Рэкалекцыі паклікання распачынаюцца сёння ў Гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі. Дададзены фотаздымкі

DSC 0008Каля 60 юнакоў прыедуць сёння ў Гродна, каб з 25 па 28 ліпеня прыняць удзел у духоўных рэкалекцыях, якія прысвечаны распазнанню паклікання і свайго жыццёвага шляху. Рэкалекцыі пройдуць пад дэвізам “Не бойцеся адчыніць дзверы Езусу Хрысту!”

Удзельнікі рэкалекцый змогуць на некалькі дзён акунуцца ў атмасферу семінарыйнага жыцця, пажыць як семінарысты, пазнаёміцца з рэктарам духоўнай установы, выкладчыкамі, клерыкамі. Падчас духоўных практыкаванняў у цішыні і спакоі, праз малітву кожны з хлопцаў паспрабуе распазнаць унутры сябе голас паклікання і даць свой адказ на складанае пытанне выбару лініі ўласнага жыцця.

Як расказаў духоўны айцец семінарыі кс. Валерый Быкоўскі, юнакоў чакае насычаная праграма, як духоўная, так і культурна-пазнавальная. Ужо ў чацвер вечарам усе разам збяруцца на ўступную духоўную канферэнцыю, якую кс.Валерый прысвяціць тэме паклікання да святасці кожнага чалавека. Як распазнаць пакліканне? Да чаго кліча мяне Бог? Што значыць сёння быць святым? Якія шляхі вядуць чалавека да святасці? На такія няпростыя для сучаснага чалавека пытанні будуць спрабаваць адказаць маладыя людзі разам са святарамі.

У пятніцу, 26 ліпеня маладыя католікі будуць разам маліцца на ружанцы ў семінарыйнай капліцы, а пасля адправяцца ў санктуарый Маці Божай Яснагурскай ў Капцёўку, дзе ў малітоўным засяроджванні перажывуць Крыжовы шлях. Падчас святой імшы перад алтаром Маці Божай да сабраных з гаміліяй звернецца рэктар ВДС кс. Юзаф Станеўскі. Пасля Імшы адбудзецца другая духоўная канферэнцыя, прысвечаная пакліканню, яе правядзе духоўны айцец семінарыі кс. Тадэвуш Крыштопік.

26 і 27 ліпеня клерыкі семінарыі правядуць для рэкалекцыяністаў групавыя заняткі на тэмы “Кім для мяне з’яўляецца Езус Хрыстус?” і “Што значыць сёння быць сведкам Езуса Хрыста?”. Адбудзецца таксама прэзентацыя груп. У пятніцу і суботу хлопцы будуць шмат маліцца, як разам, так і асобна, адбудзецца таксама сумесная Адарацыя Крыжа, сумесная малітва Каронкай да Божай Міласэрнасці.

Для ўдзельнікаў рэкалекцый на суботу 27 ліпеня запланавана экскурсія на Аўгустоўскі канал.

Нагадаем, што ўжо 29 ліпеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі пройдзе ўступны экзамен для абітурыентаў.