Skip to main content

XІV Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

V Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

 З сённяшняга фрагмента Евангелля мы можам запазычыць надзвычай важныя звесткі аб вучнях Хрыста, якія пакліканыя да асаблівага задання – прапаведаваць Добрую Навіну.

Па-першае, вучань Езуса і прапаведнік не павінен быць абцяжараны матэрыяльнымі каштоўнасцямі; ён павінен падарожнічаць без нічога, бо вельмі лёгка загразнуць у матэрыяльным дабрабыце. Адзін вельмі багаты чалавек змрочна заўважыў, што багацце і дабрабыт, тыя рэчы, якія думку пра смерць робяць невыноснай. Даброты зямлі не павінны выціскаць з нашай свядомасці нябёсы.

Па-другое, прапаведнік павінен цалкам засяроджваць сваю ўвагу на пастаўленыя перад ім задачы; яму не належыць нават вітаць сустрэчных людзей. Што гэта значыць? Канешне, гэта не настаўленне да непачцівасці альбо бескультурнасці, але напамін, што Божы чалавек не павінен азірацца па баках або займацца нязначнымі рэчамі, калі вялікія і больш важныя справы чакаюць яго.

Па-трэцяе, прапаведнік павінен выконваць сваё служэнне не дзеля ўзнагарод, якія ён мог бы справядліва чакаць. Ён мусіць есць тое, што яму падаюць, не хадзіць з дому ў дом у пошуках больш добрых умоў і лепшай ежы. Ужо ў той час былі нахлебнікі. Кніга Дзідахэ, Навука дванаццаці апосталаў, напісаная каля 100 г. н.э., якая з'яўляецца першым статутам касцёла, перасцерагае чытача адносна прарокаў, вандроўных з аднаго горада ў другі. Дык вось у гэтым статуце запісана, што прарок, хто жыве ў адным месцы больш за тры дні і не выконвае ніякай працы – лжэпрарок, і калі прарок, гаворачы ў Духу Святым, патрабуе грошай або ежы, ён таксама лжэпрарок. Работнік мае права атрымліваць зарплату, але слуга Укрыжаванага не мае права шукаць раскошы.

Прызванне – найвялікшая таямніца душы, таямніца сустрэчы Бога і чалавека. Дзіўныя і часам неспасцігальныя шляхі, якімі Божая ласка прыходзіць ў сэрцы чалавека. Сёння мы дзякуем за дар паклікання нашых святароў і адначасова просім Гаспадара жніва, каб паслаў на сваё жніво новых, адданых і верных працаўнікоў.