Skip to main content

XІІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XІІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Хацеў бы з вамі, дарагія чытачы, закрануць сёння тэму паклікання. Прычыны выбрання мной гэтай тэмы наступныя: па-першае, аб паклікання ідзе гаворка ў сённяшняй літургіі слова; па-другое, мы з вамі перажываем час экзаменаў і тэстаў, а ўслед за імі крочыць выбар свайго жыццёвага паклікання. Многія будуць спрабаваць свае сілы і здольнасці ў свецкіх вузах і ўніверсітэтах – і гэта вельмі добра і карысна для грамадства і нашай сінявокай краіны. Але ёсць і другая патрэба – патрэба тых, хто прысвяціць сваё жыццё выключна службе Богу і людзям у стане святарскім ці жыцці законным. І менавіта аб гэтым я хацеў бы паразважаць сёння на прыкладзе асоб з Евангелля.

Езус на сваёй дарозе ў Ерусалім спатыкае розных людзей: адны з іх увогуле не хочуць прыняць Збаўцу Свету, як гэта зрабілі жыхары самарыцянскай вёскі; іншыя ж з трох наадварот самі выходзяць з ініцыятывай паследавання за Хрыстом.

Першы выходзіць з ініцыятывай сам: “Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў”. Рэакцыя Езуса на гэтую прапанову трошкі дзіўная, Ён не кажа ў адказ: “Добра, пайшлі, глядзі, вучыся”. А замест гэтага звяртае ўвагу таго чалавека на тое, што не мае месца, дзе мог бы “схіліць галаву”. Мы з вамі добра ведаем пра здольнасць Езуса Хрыста чытаць у сэрцах людзей, напэўна, гэта адбылося і зараз. Я лічу, што звярнуўшыся да Езуса, чалавек зрабіў гэта з меркантыльных меркаванняў, бачачы, як шмат людзей крочыла за Ім і як шмат можна з гэтага мець.

Другому ж Езус прапаноўвае: “Ідзі за мною”. А калі пакліканы просіць аб магчымасці пахавання свайго бацькі, Настаўнік расстаўляе прыярытэты: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае”. Хацеў бы пры гэтым звярнуць увагу на трактоўку дадзенага фрагменту: у ім ідзе гаворка аб смерці не фізічнай, але духоўнай. Родныя пакліканага не прынялі Езуса і Яго навукі, нават больш – яны перашкаджаюць яму адказаць на заклік Божы і прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Добрай Навіны аб надыходзе Божага Валадарства.

Трэці зноў жа, як і першы, выходзіць з ініцыятывай сам: “Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі”. Ці толькі аб развітанні ідзе тут гаворка? Як мне здаецца, яшчэ адной немалаважнай прычынай будзе тут і справа нарады з роднымі і блізкімі аб паследаванні за Настаўнікам з Назарэту. Езус жа, звяртаючыся да яго і да прысутных, прыводзіць прыклад з аратым: “Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”. Чалавек, які хоча прысвяціць сваё жыццё на служэнне Богу, мусіць мець перад сабой, як пуцяводную зорку, Езуса Хрыста і Яго жаданне шукаць і ратаваць згубленых авечак.

Звяртаюся да Вас, дарагія браты і сёстры, а асабліва да тых з вас, якія чуюць у сваім сэрцы голас паклікання, але так, як і героі сённяшняга Евангелля, не могуць вырашыць прысвяціць сваё жыццё на служэнне Богу і Яго Касцёлу. Адвагі! Бог не пакіне вас сам на сам з цяжкасцямі, турботамі, Ён заўсёды будзе з вамі, блізка вас. Адважцеся Яму адказаць “ТАК”!