Skip to main content

Святар з гродзеншчыны прыняў удзел у круглым стале Савета Еўропы

21 чэрвеня ў Мінску адбыўся круглы стол на тэму “Рэлігія і смяротнае пакаранне” арганізаваны Саветам Еўропы разам з органамі дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, дзе прысутнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычных пляцовак з краін блізкага і далёкага замежжа. У гэтым мерапрыемстве прыняў дзейсны ўдзел кс. др Мікалай Ціхановіч, выкладчык Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродне і прадстаўнік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі.

 

Асноўнай мэтай круглага стала было паглыбленне і развіццё дыялогу паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій, зацікаўленых дзяржаўных органаў і грамадзян па праблеме адмены смяротнага пакарання ў нашай краіне.

Сустрэча, як зазначыў кс. др Мікалай, адбылася на высокім ўзроўні, падчас якой навязаўся вельмі канструктыўны дыялог у якім вялікая колькасць удзельнікаў выказалася за адмену смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь. Агульна вядома, падкрэслілі арганізатары сустрэчы, што рэлігійныя супольнасці адыгрываюць вельмі важную ролю ў фармаванні грамадскай думкі і развіцці агульначалавечых каштоўнасцей.

Кс. Мікалай Ціхановіч падзяліўся таксама некаторымі думкамі прадставіўшы пазіцыю Каталіцкай Царквы на тэму смяротнага пакарання. Ён зазначыў, што традыцыйнае навучанне Касцёла засноўвалася на тым, што смяротнае пакаранне не супярэчыла Божаму закону, але і не з’яўлялася яго прадпісаннем. Неабходнасць смяротнага пакарання ацэньвалася ў залежнасці ад абставін. Аналізуючы гэтыя абставіны каталікі на працягу гісторыі выказваліся “за” і “супраць” смяротнага пакарання.

З уплывам часу навучанне Касцёла не змянілася, але ўсё больш развіваецца ў Евангельскім духу. Сучасны погляд Касцёла, хоць і не выключае смяротнае пакаранне, калі гэта толькі адзіны магчымы спосаб сапраўды абараніць жыццё людзей ад несправядлівага агрэсара (пар. ККК 2267), аднак вельмі выразна ідзе ў напрамку адмены смяротнага пакарання і да гэтага заклікае сусветную супольнасць.

Кс. Мікалай узгадаў таксама заклік Каталіцкай Царквы ў Беларусі аб знясенні смяротнага пакарання ў нашай краіне. Гэты зварот быў скіраваны Мітрапалітам мінска-магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам у 2011 годзе да прэзідэнта краіны і законадаўчай улады Рэспублікі. Потым святар прачытаў тэлеграму папы Францішка, да ўдзельнікаў кангрэса супраць смяротнага пакарання. Дзе Святы Айцец адзначыў, што “пакаранне смерцю павінна быць заменена на іншае, якое б прадугледжвала шанс для злачынцы задумацца над сваімі правінамі і выправіцца, а нявіннаму падарыла надзею на справядлівасць. Сёння, як ніколі, неабходны напамін і пацвярджэнне неабходнасці прызнання і паўсюднай пашаны да годнасці чалавечага жыцця і яго непамернай вартасці”. У тэлеграме, падкрэсліваецца таксама пазіцыя Апостальскай Сталіцы адносна адмены смяротнага пакарання, якая з’яўляецца інтэгральнай часткай абароны жыцця ўсіх людзей. Напрыканцы сваёй прамовы Кс. Ціхановіч паставіў пытанне: ці можна сёння ў вогуле сумясціць запаведзь Эвангелля са смяротным пакараннем? На яго думку адказ адназначны – не, смяротнае пакаранне і Эвангелле не сумяшчальныя. Хрысціянская маральнасць не можа суіснаваць са смяротным пакараннем.