Skip to main content

Праца настаўніка як дар

img 4314 thumbПадчас ІІІ Дыяцэзіяльнага з’езду душпастарства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў у парафіі Рось, кіраўнік гэтага душпастырства кс. Антоній Грэмза зладзіў для сабраных адарацыю Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якой запрасіў усіх разам перажыць біблійную рэфлексію аб некаторых аспектах настаўніцкай дзейнасці.

Сёння шматлікія супольнасці грамадства звязваюць з настаўніцтвам надзею на выпраўленне ў будучыні кожнага чалавечага занядбання. У гэтым кантэксце немагчыма не суаднесці настаўніцтва людзей з настаўніцтвам самога Госпада, які сваім жыццём і навукай вызначыў нам шляхи, паводле якіх мы павінны выхоўваць нашых дзяцей.

 

Праца настаўніка як дар

Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла (Як 1, 17). Несумненным дарам з’яўляецца магчымасць выканання гэтай паслугі – здольнасць вучыць іншых (2 Цім 2,2). Трэба ацаніць гэтую шчодрасць і адкрыцца на гэты Божы дар. Прыняцце цалкам усяго, што няспынна атрымоўваем, робіць нас здольнымі да сапраўднага ахвяравання сябе служэнню дзецям. Менавіта гэта можа стаць для выхаванцаў найвялікшым дарам, які толькі можам ім падарыць, менавіта тым, чаго яны чакаюць. Здольнасць падтрымліваць такое стаўленне паказвае высокую асабістую культуру настаўніка, якой вучацца таксама і вучні. Пастава адкрытасці на другога чалавека – гэта выказванне яму любові і даверу. Мы не павінны баяцца выказваць пачуцці, і тады нашы вучні будуць перажываць час лекцый, як час спаткання з мудрасцю. Бо мудрасць гэта дух, закаханы ў людзей. Нашы паводзіны і дзеянні павінны быць адзначаны мудрасцю, бо Бог любіць толькі таго, хто прабывае ў мудрасці (Мдр 7,28).

 

Праца настаўніка як спатканне

Няхай праца дае табе хлеб і прыводзіць да супольнасці. Кожны чалавек прымае гэта заклік, выходзячы з дому на завод, магазін, у поле, становячыся перад алтаром або перад групай студэнтаў або вучняў. У выпадку настаўніка кожны дзень, гэта перажыванае спатканне з дзецьмі ці моладдзю. Настаўнік марыць аб тым, каб вучні таксама прагнулі спаткацца з ім. Аднак здараюцца сітуацыі, калі вучні адварочваюцца, замыкаюцца ў сабе, паступаюць наперакор. Ад паводзінаў настаўніка залежыць тое, ці заслужым іх давер, ці здолеем пераканаць іх да дабра, якое жадаем ім несці. Лекцыя ці ўрок – гэта час спаткання з групай маладых людзей, кожны з якіх з’яўляецца індывідуальнасцю, асобай, якога таксама належыць паважаць і абуджаць да развіцця.

Педагагічная праца гэта таксама спатканне ў суполцы настаўнікаў – сустракаемся ў школе, у настаўніцкай, размаўляем, абменьваемся поглядамі і заўвагамі, дзелімся асабістым вопытам. Вельмі часта знаёмствы і сяброўства, якое тут наладжваецца выходзіць па-за межы школы. Асаблівым месцам, у якім настаўнікі паказваюць сваю сталасць, з’яўляецца педагагічны савет – час засяроджання над сваёй працай, яе эфектыўнасцю, рэакцыямі вучняў. Чым больш з’яднаная супольнасць настаўнікаў, тым больш яна становіцца мацнейшай і тым лепш школа спаўняе сваю асноўную функцыю.

Чарговая суполка, якую дапамагаюць стварыць настаўнікі – гэта суполка бацькоў вучняў. Можа паказацца, што спатканні пры нагодзе апытанняў ці сходаў бацькоўскіх камітэтаў ці радаў не будуюць супольнасці. Аднак вучні яднаюць настаўнікаў і бацькоў. Часта бацькі цікавяцца жыццём класа, удзельнічаюць у ім, арганізуюць спатканні, мерапрыемствы, абменьваюцца заўвагамі аб працы настаўнікаў і школы. Прысутнасць настаўніка ў гэтай суполцы вельмі істотная справа. Мы маем заданне запрашаць бацькоў да актыўнага ўдзелу ў жыцці школы.

 

Праца настаўніка як дарога

Дарогай праўды я іду, сцежкамі справядлівасці (Прып 8,20). На дарозе, якую мы выбралі, мы не застаемся самотнымі – разам з намі ідуць нашыя вучні. Укажаш ім добрую дарогу, якой павінны ісці (1 Цар 8, 36). Указаць добрую дарогу…Вера – “Ідзіце і навучайце ўсе народы…Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28, 19-20) каб бачылі і пазналі, зразумелі і прынялі, што рука Пана гэта ўчыніла (Іс 41, 20). Надзея – назірай за сабой і за навукай, жыві імі. Бо ствараючы самога сябе збавіш і тых, якія табе слухаюць (1 Цім 4, 16). Любоў – “паступайце ў любові” (Эф 5,2). Кожны мае права і свабоду выбару сваёй дарогі, але калі мы абралі спаўняць місію настаўніцкай працы, то мы павінны да гэтага ставіцца з поўнай адказнасцю і як найлепш інакш гэты выбар, можа прывесці да пагібелі: Пан ведае дарогі справядлівых, а дарогі бязбожнікаў згінуць (Пс 1,6).

Паўстае пытанне – як паказваць кірунак? Вучы, у час і не ў час, пры патрэбе, паказвай памылкі, павучай, уздымай дух з цярплівасцю столькі часу, колькі навучаеш. (2 Цім 4,2). Важным з’яўляецца наша гатоўнасць да выканання гэтага задання. Гэта мабілізуе нас да сталага пашырэння сваіх ведаў і здабывання новых навыкаў. Гэта робіць тое, што ідучы супольнай з вучнямі дарогай мы паказваем ім яе дабро.

 

Праца настаўніка як будаванне

Той, справа якога пабудавана на фундаменце, вытрывае (1 Кар 3,14). Гэтым фундаментам з’яўляюцца каштоўнасці, якія мы перадаём дзецям праз сем’і, бацькоў, братоў і сясцёр, родных. “Ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага” (1 Кар 3,11). Будаванне, якое мы вядзем праз нашу працу, не павінна разбураць асноваў самога жыцця, шлях да сталасці і незалежнасці. Гэты працэс мы павінны выконваць у поўным разуменні з бацькамі. Часам мы сутыкаемся з пытаннямі, ці маем права выхавання нашых падапечных, ці можам толькі вучыць іх, перадаваць веды. Кожны да азначанага часу знаходзіцца пад апекай (Гал 4,1). Несумненна такімі апекунамі з’яўляюцца настаўнікі, з якімі шмат разоў у дзень дзіця праводзіць час большы, чым з бацькамі.

Але калі хочаш будаваць у дзіцяці яго будучы вобраз, належыць распачаць з…самога сябе. Істотна, каб кожны настаўнік распазнаў у сябе ўсе добрыя якасці і развіваў іх. І тады мы зможам стварыць атмасферу пакою, згоды, якая дае вучням пачуццё свабоды, даверу, а таксама бяспекі і адказнасці. Мы перадаём нашым дзецям тое, “што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы” (Флп 4,8).

Чарговым аспектам добрага будавання з'яўляецца паслядоўнасць. Трэба ўзрастаць у лагоднасці і цярплівасці, вучыцца панаваць над гневам, роспаччу ці смуткам. Рызыка разчаравання перадаецца вучням, што перакрэслівае ўсе выхаваўчыя метады, прыводзіць да нязгоды, можа выклікаць бунтарства ці нават агрэсію. Вельмі важным і разумным з’яўляецца напамін аб тым, што не трэба бачыць у вучнях непрыяцеляў, але братоў, каб не прывяло гэта да большай канкурэнцыі і горычы, бо хто захоўвае дысцыпліну, той ідзе да жыцця, а хто пагарджае навукай – да разбурэння.

Глядзіце таксама фотарэпартаж з мерапрыемсваў, якія адбываліся падчас дзён сустрэч настаўнікаў і выхавацеляў