Skip to main content

ІІІ дыяцэзіяльны з’езд выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў адбыўся Росі

У санктуарыі Пана Езуса Журботнага ў Росі сабраліся больш чым 80 прадстаўнікоў сферы адукацыі Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам памаліцца і перажыць духоўныя рэкалекцыі, падчас якіх нанова адкрыць для сябе сэнс і радасць свайго зямнога служэння.

Вечарам у пятніцу 21 чэрвеня настаўнікі прынялі ўдзел у набажэнствах, прысвечаных пачатку рэкалекцый, а таксама ў Святой Імшы, якую цэлебравалі кс. Чэслаў Паўлюкевіч, кс. Андрэй Радзевіч і кс. Антоній Грэмза кіраўнік душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў, які падчас св. Імшы звярнуўся да удзельнікаў з пропаведдзю.

“Дарагія настаўнікі і выхавацелі, удзельнікі ІІІ Дыяцэзіяльнага з’езду. Сёння мы маем ласку быць у месцы, якое Пан Езус абраў месцам цудаў і ласкаў. Хочам пасвяціць Езусу гэты час быцця разам. І я буду прасіць, каб вы пачулі сябе адзінай сям’ёй – сям’ёй Божай. Нас аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і праца на ніве адукацыі і выхавання, але перад усім нас яднае вера ў Пана Езуса.

…Тут, у касцёле св. Тройцы, запрашаю вас разам паглыбіцца ў тэму веры ў Бога ў Тройцы Адзінага, наноў адкрыць, што значыць для нас вера ў Адзінага Бога, што значыць для кожнага з нас Яго Любоў і Апека.

Бог у Тройцы – Бог-айцец, Сын Божы і Дух Святы – гэта дасканалы вобраз кожнай людскай супольнасці, дзе пануе ўзаемная любоў, клопат адзін аб адным і адказнасць. Мы ўсе такія розныя, але з’яднаныя адзінай верай у Бога ў Тройцы адзінага мы становімся адзінай Божай супольнасцю. І мы павінны пастаянна пазнаваць Бога. Але як? Гэта не проста…

Перш за ўсё хачу сказаць, што мы павінны пазнаць Бога асабіста. Што гэта значыць? Гэта значыць, што недастаткова таго, што я вам штосьці пра Бога раскажу, што штосьці дзесьці калісьці вы пачулі аб Ім. Гэта ўсё веды з другіх рук, яны карысныя і каштоўныя, але вы патрабуеце большага”….

Кс. Антоній параўнаў асабістае спатканне з Богам са шлюбам. “Давайце ўявім сабе, што ёсць адна дзяўчына, самотная, на выданне. Да яе прыходзяць розныя людзі і расказваюць ёй аб нейкім маладым мужчыне. Яны гавораць ёй, што ён таксама самотны, мае добрую працу і жыллё і адначасова добры характар, чулы і рамантычны і да таго ж прыстойны. Больш таго, ён цікавіцца, дзяўчына, табой, распытвае аб табе аднаго, другога…Што зробіць пачуўшы гэта тая дзяўчына? Ці яна закахаецца ў хлопца, толькі зыходзячы з гэтых словаў? Толькі, можа, зацікавіцца ім, але не больш… Так здараецца і з намі ў адносінах да Бога. Казанні, навука і кнігі могуць толькі абудзіць цікаўнасць, але з Богам трэба спаткацца асабіста. Дзяўчына і хлопец павінна аднойчы спаткацца. Трэба каханню даць шанец”.

Але як спаткацца з Богам? Няўжо толькі містыкі маюць шанец на веру, тыя, хто перажылі якія-небудзь аб’яўленні? Не! Бог даступны для кожнага, кожны можа спаткаць яго і пазнаць. Як?

Праз адзіную ў свеце кнігу – Святое Пісанне. Яе пісалі людзі, але вядомыя Духам Святым, і таму ў яе словах прысутнічае Бог. "Чытаючы Біблію, праз якую Бог размаўляе з чалавекам і вучыць яго дарогам збаўлення, мы можам спаткацца з Богам. Асабіста! Без ведання Святога Пісання мы не можам ведаць Езуса, наша вера тады слабая і карыкатурная”...

Кс. Антоній прыгадаў настаўнікам, што па выніках сацыялагічных даследаванняў у Беларусі амаль 80% насельніцтва ахрышчаныя і дэкларуюць сябе хрысціянамі. Але менш за палову з іх практыкуюць рэлігійнае жыццё. Таму патрэбна будаваць праўдзівую моцную веру, якая нараджаецца толькі з асабістага спаткання з Хрыстом. А гэта можа адбыцца праз Слова Божае.

Душпастыр распавёў сабраным гісторыю навяртання св. Аўгустына, які да свайго асабістага спаткання вёў жыццё, вельмі падобнае да жыцця тыповага сучаснага чалавека: быў амбітным, дбаў аб сваім выхаванні, цікавіўся рознымі рэлігійнымі практыкамі, жыў грамадзянскім саюзам з жанчынай, з якой меў дзіця, але якая ніколі не стала яго жонкай. Ён аднойчы пачуў, як малая дзяўчынка спявала, і ў яе песні былі словы – вер і чытай! Аўгустын гэта распазнаў як заклік да чытання Святога Пісання. Дома ён адкрыў Біблію і прачытаў: “Ноч мінула і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці, але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці”. (Рмл 13, 12-14) Ён адчыніў сваё сэрца, гэтае слова і пачуў, што яно скіраванае асабіста да яго. Вось тады адбылася кардынальная змена чалавека. Аўгустын прыняў хрышчэнне, пачаў жыць верай, становіцца святаром, біскупам, адным з айцоў Касцёла. Натуральна важна не тое, што ён напісаў шмат кніг, але тое, што Бога і веру прыняў як асабістую таямніцу, і гэта змяніла яго жыццё, дадала яму новы сэнс і вымярэнне.

“Так павінна адбыцца і ў нашым жыцці”, – сказаў кс. Антоній, каб аднойчы мы спаткаліся з Езусам, пачалі слухаць Ягоных словаў і адказваць Яму ў малітвах. Калі мы пазнаем Яго учынкі, асабіста – тады адчыняецца нам дасканалая прыгажосць Яго Асобы. Адкрываем для сябе Яго любоў, яго клопат, міласэрнасць, яго жаданне быць з намі, прабачыць нам.

Кс. Антоній заклікаў сабраных настаўнікаў да глыбокага аналізу свайго жыцця, якое, як і кожнае чалавечае жыццё - складанае. Але калі яго пражываеш з Езусам, “ярмо” пераўтвараецца ў радасць, набываюць сапраўдны сэнс пошукі шчасця, любові, пакою, сэнсу, адыходзіць у мінулае цемра грахоў, недаверу, слабасцяў, здрад, разгубленасці. “Сустрэнемся з Богам тут, пазнаем Яго, закахаемся ў Яго і дадзім Яму месца ў нашым жыцці”, - заахвоціў святар.

На працягу гэтай важнай падзеі для каталіцкіх працаўнікоў сферы выхавання і адукацыі была зладжана цікавая праграма, якая, паводле іх словаў узбагаціла іх духоўна і інтэлектуальна, а таксама глыбей усвядоміла, што якасць навучання і выхавання перш за ўсё залежыць ад маральнага і духоўнага стану насатўнікаў і выхавацеляў.