Skip to main content

XІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

У Добрай Навіне дванаццатай звычайнай нядзелі мы з Вамі, паважаныя чытачы, знаходзім пытанне Езуса Хрыста, скіраванае да вучняў: “А вы кім лічыце Мяне?”. Пытанне гэтае скіравана таксама да кожнага з нас і патрабуе канкрэтнага адказу. Я маю вялікую надзею, што кожны з нас можа адказаць услед за св. Пятром: “Месіяй Божым”.

 

Аднак не ўсе людзі вераць у Езуса Хрыста як Госпада і Валадара, так, як верылі ў Яго апосталы і першыя хрысціяне, гатовыя прыняць і нават прыняўшыя за веру пакутніцкую смерць. Не ўсе вераць так, як верылі нашы дзяды і прадзеды, бараніўшыя касцёлы ад разбурэння і закрыцця, хаваўшыя святароў і сясцёр законных ці бараніўшыя іх ад турмы, альбо самі атрымаўшыя турэмныя тэрміны за сваю жывую веру. Усе яны лічылі Езуса Хрыста сваім Госпадам і Валадаром.

Існавалі і існуюць таксама іншыя меркаванні наконт асобы Езуса Хрыста. Лічаць Яго адным з прарокаў, які меў заданне прыгатаваць людзей да прыходу Месіі. Лічаць Яго таксама магам і цудатворцам, атрымаўшым свае навыкі дзесьці ў Тыбеце. Называюць Яго рэвалюцыянерам, які хацеў падняць людскія масы супраць прыгнёту рымлянаў. Таксама ёсць і такія, якія Езуса абвінавачваюць у зводжванні людзей ад веры, вінавацяць у стварэнні секты. Ад моманту ўзнікнення хрысціянства ішлі спрэчкі, які датычыліся асобы Езуса Хрыста (ці Ён толькі чалавек, ці толькі Бог?) і яшчэ адной з груп. Будуць людзі, якія рознымі метадамі і шляхамі спрабавалі і спрабуюць вырваць веру ў Езуса Хрыста з сэрцаў людзей. Існуе яшчэ вялікае мноства розных тэорый, філасофскіх і “навуковых” меркаванняў наконт Асобы Божага Сына.

Хацеў бы, дарагія, звярнуцца да Вас словамі, якія напісаў Клайв С. Льюіс у сваёй кніжцы “Проста Хрысціянства”: “Просты смяротны, які сцвярджаў бы тое, што казаў Езус, быў бы не вялікім настаўнікам маральнасці, а альбо вар'ятам – на ўзроўні з тымі, хто лічыць сябе Напалеонам ці чайнікам, – альбо самім д'яблам з пекла. Іншай альтэрнатывы тут быць не можа: альбо гэты чалавек быў і ёсць Сынам Божым, альбо гэта вар'ят ці накшталт гэтага. І вы павінны зрабіць свой выбар: вы можаце адвярнуцца ад Яго як ад ненармальнага, і не звяртаць на Яго аніякай увагі; вы можаце забіць Яго, як д'ябла; альбо вам застаецца ўпасці перад Ім і прызнаць Яго Госпадам і Богам. Толькі адхіліце, калі ласка, ад гэтай вымаўляемай у заступніцкім тоне бязглуздзіцы, быццам Ён быў вялікім настаўнікам-гуманістам. Ён не пакінуў нам магчымасці думаць так”.

Кожны з нас павінен прызнаць Езуса Сваім Госпадам і Богам, які любіць усіх і кожнага паасобку. Па гэтай прычыне кожны з нас павінен крочыць па слядах Хрыста, хоць гэтае крочанне вельмі не простае, бо патрабуе ад нас адрачэння ад самога сябе і штодзённага падняцця свайго крыжа. Аднак усё гэта не павінна нас палохаць, бо сам Езус казаў: “Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі яго ўдосталь” (Ян 10,10).

Крочанне за Хрыстом таксама не абмяжоўвае нас у пазнанні гісторыі нашага збаўлення. Усе мы маем права, а нават абавязак умацоўваць сваю веру праз чытанне дакументаў Касцёла, рэлігійнай і навуковай літаратуры, а самае галоўнае – праз спатканне з асабовым Богам у часе штодзённай малітвы. Немагчыма абмежавацца толькі і выключна веданнем катэхізісу, які мы атрымалі ў часе падрыхтоўкі да Першай Святой Камуніі ў дзіцячым ўзросце.

Хацеў бы закончыць нашае разважанне словамі Папы рымскага Францішка, якія ён піша на сваёй старонцы ў твітары: “Быць хрысціянінам – гэта не толькі выконваць Божыя наказы, але дазволіць Хрысту валодаць нашым жыццём і змяняць яго” (10.04.2013г.), а таксама “Хрысціянін гатовы абвяшчаць Евангелле, бо не можа стрымаць у сабе радасці, якая нараджаецца з пазнання Хрыста” (19.06.2013г.).