Skip to main content

Моладзь паказвае свае творчыя таленты

img 2384 thumbПраграма другога дня Парафіяды аб’ядноўвала спаборніцтвы пад агульнай назвай “Тэатр”, якія праходзяць у касцёле імя Найсвяцейшага Адкупіцеля ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка. Каля 400 чалавек дзецей і моладзі распачалі гэты дзень з перажывання св. Імшы, якую ўзначаліў мясцовы пробашч, кс. Дзмітрый Лабкоў CSsR і якому, з рук кс. Артура Малафея, былі традыцыйна ўручаны памятныя сувеніры.

У сваёй пропаведзі а. Дзмітрый сказаў, што "...парафіяда з'яўляецца важным момантам, які дапамагае маладому чалавеку рознабакова развівацца". Таксама душпастар заклікаў да таго, каб моладзь "шчодра дзялілася сваёй радасцю і паказвала свае таленты" і заахвоціў, каб удзельнікі былі "...шчодрыя перш за ўсё на добрыя ўчынкі, бо ў гэтым часе будзе шмат такіх нагодаў", а таксама пажадаў "праз заступніцтва бл. Яна Паўла II дапамогі добра і плённа перажыць гэты час". На заканчэнне Эўхарыстычнай Ахвяры, прысутныя ўшанавалі рэліквіі бл. Яна Паўла II.

Непасрэдна пасля малітвы распачаліся конкурсныя праграмы на веданне Святога Пісання і гісторыі Касцёла, пастаноўку малых тэатральных форм, музычнымі конкурсамі рэлігійнай і свецкай тэматыкі. Дзень мае завершыцца марыйнай малітвай.