Skip to main content

Эўхарыстычнай Ахвярай св. Імшы распачалася V Дыяцэзіяльная парафіяда

img 2605 thumbУ аўторак 18 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Баззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі стартавала V па ліку Дыяцэзіяльная парафіяда для дзяцей і моладзі. Традыцыйна гэтае спартыўна-рэлігійнае і творчае мерапрыемства распачалося з малітвы.

Эўхарыстычную Ахвяру, якую папярэдзіла чэрвеньскае набажэнства, узначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі. На пачатку св. Імшы ўсіх прысутных прывітаў кс. Аляксандр Раманоўскі, пробашч мясцовай парафіі, затым прывітальнае слова сказаў шматгадовы галоўны арганізатар парафіяды ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Артур Малафей, у якім прывітаў таксама прысутных гасцей, кіраўнікоў міжнароднай парафіяды. Галоўны кіраўнік згуртавання “Парафіяда” не хаваў сваёй радасці, з таго што вялікая справа, якую калісьці заснаваў св. памяці а. Юзаф Ёнец, прыносіць шмат радасці, развіваецца і ўзрастае дзякуючы мясцовым арганізатарам. Таксама паважаны замежны госць уручыў памятныя сувеніры для ўсіх, хто дзейсна дапамагаў зладзіць гэтае мерапрыемства. Усіх прысутных прывітаў таксама архіпастар Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасля св. Евангелля, Божае Слова прамовіў кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар дыяцэзіяльнай дабрачыннай арганізацыі “Карытас”. У гаміліі кс. Віталій засяродзіўся над дэвізам сёлетняй парафіяды “Пане дадай нам веры” (Лк 17,5) і паставіў перад моладдзю пытаннe:

- “Ці хопіць у нас моцы, рэалізаваць, тое да чаго заклікае нас Бог, каб з радасцю сваім словам і ўчынкам рэалізоўваць Яго волю ў Імя Езуса Хрыста? Калі падыходзіць да гэтага звычайна, па чалавечы, - разважае святар, - то напэўна гэта будзе складана выканаць. Аднак мы з’яўляемся Божымі дзецьмі і маем веру, якая менавіта ў цяжкія моманты патрабуе ўмацавання, дзякуючы чаму чалавек можа дасягнуць немагчымага”.

Прапаведнік заклікаў усіх усвядоміць неабходнасць мець моцную веру, каб пераадолець цяжкасці і адначасова паказваць добры прыклад іншаму чалавеку, які патрабуе нашага адчыненага сэрца, чакае нашай дапамогі, якую немагчыма аказаць без сапраўднай любові, аб чым узгадвае Бенедыкт XVI “Любоў да бліжняга ўкаранёная ў любові да Бога, з’яўляецца перш за ўсё абавязкам кожнага асобнага верніка”.

- “Толькі тады мы будзем моцныя верай, калі будзем будаваць яе на фундаменце любові да бліжняга” – падсумаваў кс. Віталій.

На заканчэнне св. Імшы, пераможцы мінулагодняй парафіяды, моладзь і дзеці з парафіі Рось, урачыста ўнеслі флаг парафіяды і прачыталі малітву ўдзельніка, пасля чаго V Дыяцэзіяльная Парафіяда была аб’яўлена адчыненай. Перад благаслаўленнем, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў, што парафіяда на гродзеншчыне гэта асаблівае спатканне дзяцей і моладзі ў веры, а таксама нагадаў, што гэтае мерапрыемства перажывае невялікі юбілей пяцігоддзя. Ардынарый  асаблівым чынам падзякаваў гасцям з Польшчы за вялікі ўклад у справу развіцця парафіяды на мясцовым узроўні. Са свайго боку кіраўнікі таварыства “Парафіяда” і галоўны арганізатар кс. Артур Малафей далі магчымасць, Яго Эксцэленцыі, на хвілінку адчуць сябе сапраўдным удзельнікам парафіяды, прыносячы ў дар кашулю з эмблемай, ідэнтыфікатар, газету і кубак.



Малітва ўдзельніка парафіяды

 

Божа дзякую Табе за радасць, якую дае спорт і гульня,

дзякуй Табе за сяброўства, якое дзякуючы ім я адчуваю.

Не дазволь, каб я быў у перамозе фанабэрысты,

а ў паражэнні траціў надзею.

Усё, што Ты стварыў праслаўляе Цябе таксама і чалавечае цела,

якое цудоўным чынам Ты выляпіў з зямнога пылу.

Дапамажы мне праслаўляць Цябе ва ўсім,

а ў канцы дай мне ўзнагароду, якую Ты абяцаў пераможцу,

праз Хрыста Пана нашага.

Амэн.