Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў новы алтар ў касцёле св. Вацлава ў Ваўкавыску (дададзены фота)

касцёл святога ВацлаваУрачыстасць адбылася ў нядзелю 16 чэрвеня. У галоўным алтары парафіяльнага касцёла быў змешчаны абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, перад каторым на каленях стаяць патрон парафіі св. Вацлаў і св. Казімір. Падчас урачыстай св. Імшы біскуп Аляксандр пасвяціў мармуровы крыж, устаноўлены перад святыняй, а таксама намасціў і пасвяціў новы алтар і ўвесь прэзбітэрыум.

Супольная малітва распачалася яшчэ на сходках касцёла, калі былі сказаны прывітальныя словы біскупу і прыбылым на ўрачыстасць капланам і вернікам. Эўхарыстыю ардынарый ахвяраваў за сабраных вернікаў і пробашча парафіі, які нядаўна адзначаў імяніны. З гаміліяй звярнуўся да вернікаў кс. Раман Катлімоўскі, які прыпомніў сабраным, што сэрца кожнага веруючага чалавека з’яўляецца выключным алтаром Хрыста. Ксёндз заклікаў вернікаў як мага часцей маліцца пры Божым алтары, а таксама несці сваё сведчанне веры і ісці туды, куды пасылае Езус.

На заканчэнне ўрачыстасці прагучалі словы падзякі для ўсіх, хто меў дачыненне да справы паўстання крыжа і алтара, а ксёндз-біскуп заахвоціў верных, каб кожны з іх сваім прыкладам стаў святым алтаром Божым.