Skip to main content

XІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

“Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць”. Літургія слова ХІ звычайнай нядзелі кажа нам аб Божым прабачэнні грэшнікаў, якія прызнаюцца і шкадуюць за свой грэх.

Першае чытанне з другой кнігі Самуіла напамінае нам аб граху Давіда, які ён зрабіў, узяўшы сабе жонку Урыя Хетэя, а яго самога забіўшы мячом аманіцянаў. Аднак прыслухаўшыся да слоў, якія Бог прамовіў да яго праз вусны прарока Натана, і, самае галоўнае, прызнаўшыся ў сваім граху: “Зграшыў я перад Панам”, – шчыра просіць аб прабачэнні і атрымоўвае яго: “І Пан зняў з цябе грэх твой: ты не памрэш”.

Жанчына з сённяшняга Евангелля, “якая была грэшніцай у горадзе”, праз свой учынак просіць у Пана Езуса прабачэння. Яна не саромеецца позіркаў сабраных на пасілак ў доме фарысея, не баіцца таго, што пра яе будуць казаць, што яе асудзяць – яна шукае Божага прабачэння і гэта для яе самае галоўнае.

Дарагія чытачы нашага партала, апостал Павел у пасланні да Рымлянаў піша: “Бо замкнуў Бог усіх у няверства, каб усім аказаць Сваю літасць” (Рым 11, 32). Кожны з нас людзей мае схільнасць да граху і да злога, але гэта не паказвае Божую слабасць альбо недасканаласць Бога. Наш Нябесны Айцец, ствараючы нас, стварыў нас вольнымі, Ён адарыў нас правам выбару, хоць гэтым правам мы вельмі часта карыстаемся няправільна, і больш, нават адварочваемся ад Створцы. Мы вырашаем самі: зрабіць так, як хоча Бог і кажа нам у нашых сэрцах, ці зрабіць так, як я хачу, хоць гэта і нязгодна з воляй Айца.

Прымаўка кажа: “Справа людзей – грашыць, а Божая справа – прабачаць”. Хацеў бы толькі да яе дадаць: “Чалавек павінен шкадаваць за свой грэх і абяцаць прыкласці намаганні, каб яго выправіць”, калі гэтага не будзе, то дарэмныя нашы просьбы аб прабачэнні.

Мы павінны сабе ўсвядоміць, што Бог хоча прабачаць, менавіта гэта Ён робіць ад моманту граху непаслухмянасці Адама і Евы і на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Ёсць толькі адна вельмі вялікая праблема: людзі трапляюць у грэх пыхі, гардыні – лічаць сябе лепшымі ад іншых, больш справядлівымі, альбо ўвогуле бязгрэшнымі. Як часта можна пачуць такое выказванне: “А што я, ён горшы, ён большы грэшнік, я ў параўнанні з ім – добры. Я толькі трошкі зграшыў”.

Гэта мы назіраем на прыкладзе фарысея з Евангелля. Грэх асуджэння пасяліўся ў яго сэрцы: “… яна грэшніца”. Чаму ў гэты момант яму было не ўзрадавацца, што гэтая жанчына навярнулася і папрасіла аб прабачэнні?! На жаль, гэтага не адбылося, як не адбываецца гэтага і ў нашым жыцці. Нам лягчэй быць суддзямі, а не любячымі братамі і сёстрамі ў Хрысце Пану. “Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць”. Бог нам шмат даруе, так будзем жа Яго моцна любіць!