Skip to main content

X Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

X Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Езус Хрыстус, прапаведуючы Божае Валадарства, пацвярджаў свае словы рознымі цудамі. Ён вылечваў хворых і нават уваскрашаў памерлых. Там, дзе Хрыстус, – там ужо ёсць Божае Валадарства, там ужо перамога над смерцю і хваробай. Гэта бачылі і ў гэтым пераканаліся вучні Езуса, а таксама тыя, хто Яго сустрэў і каму Ён дапамог.

Але ці змянілася што-небудзь у гэтым свеце для ўсіх астатніх? Бо смерць па-ранейшаму збірае свой ўраджай, а ёй папярэднічаюць хваробы, слёзы і пакуты. Так у чым жа тады сэнс навукі Хрыста, у чым сэнс евангельскага апавядання, якое мы сёння пачулі?

Няцяжка сабе ўявіць, як з гарадскіх варот выходзіць жалобная працэсія. Хаваюць памерлага юнака – сына ўдавы з Галілейскага гарадка Наін. Яны сустракаюць Езуса. Ён падыходзіць і дакранаецца да мараў – насілак, на якіх неслі мёртвае цела, хоць гэта было парушэннем закона аб рытуальнай чысціні. Працэсія спынілася. А Ён кажа няшчаснай маці: “Не плач!” А яе мёртваму сыну гаворыць: “Табе кажу! Устань!” Так Пан паклікаў памерлага да жыцця і “аддаў яго маці ягонай”.

Бачым пакуты маці, але ў дадатак да пакут жанчыны святы Лука апісвае спачуванне Езуса. Ён злітаваўся, гэта значыць, быў крануты да глыбіні душы.

Для старажытнага свету гэта было надзвычайны цудам. Высакародным вучэннем антычнасці быў стаіцызм. Стоікі лічылі, што для Бога больш за ўсё характэрныя абыякавасць і няздольнасць адчуваць наогул нішто. Яны разважалі наступным чынам: калі адзін чалавек можа выклікаць смутак або шкадаванне, радасць або весялосць ў іншым, то ён хоць бы на нейкі момант можа паўплываць на іншага чалавека. Калі ён можа паўплываць на яго, то ён мацнейшы за яго. Але ніхто не можа быць мацней Бога – такім чынам, ніхто не ў сілах паўплываць на Бога, і такім чынам, Бог пазбаўлены ўсякіх пачуццяў. Тут жа людзі сутыкнуліся з дзіўным паняццем Сына Божага, якога да глыбіні душы кранула чалавечае гора. У гэтым фрагменце Бог адкрываецца нам як Бог чулы, пяшчотны, любячы i неабыякавы да людзей.

У знак гэтага Езус і ўваскрашае памерлага сына ўдавы, як асабліва адзначае евангеліст, пры вучнях і мностве народа, – каб увесь свет і кожны чалавек ведаў, што Пан Езус Хрыстус ёсць і Жыццё, і Уваскрэсенне.

 

Да аднаго айца пустыні прыйшла няверуючая жанчына: у яе памёр адзіны сын. Яна крычала і плакала. Яна была бясплодная і не магла больш мець дзяцей. Ён сказаў жанчыне:

– Я дапамагу табе. Але спачатку ты ідзі ў горад і прынясі некалькі гарчычных зерняў з дома, дзе ніхто не паміраў.

І жанчына пайшла ў горад і хадзіла ад хаты да хаты, і ўсюды, дзе б яна ні была, людзі казалі ёй:

– Мы дамо табе колькі хочаш гарчычных зерняў, але ўмова не будзе выканана. У нашым доме паміралі людзі.

І так было зноў і зноў. Але яна ўсё спадзявалася: “Можа быць ... хто ведае? Можа быць, ёсць дзе-небудзь некалькі дамоў, якія не ведаюць смерці”. І яна ішла далей і далей, і так цэлы дзень.

А ўвечары зразумела. Смерць – гэта частка жыцця. Яна зваротны бок жыцця і адбываецца пастаянна. Смерць не з’яўляецца асабістым горам, якое здарылася толькі з ёй.

З гэтым разуменнем яна вярнулася да мудраца. Той спытаў:

– Ну што, дзе гарчычнае зерне?

А яна ціха ўсміхнулася, апусцілася да яго ног і папрасіла:

– Я хачу ведаць Таго, хто ніколі не памірае. Я не прашу вярнуць мне сына таму, што нават калі гэта адбудзецца, ён павінен будзе памерці зноў. Дапамажы мне знайсці Таго, хто жыве вечна.