Skip to main content

У Свіслачы ўшанавалі св. Антонія

kascel swisloczВечарам 4 чэрвеня ў Свіслачы ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста ўнёс у святыню рэліквіі святога Антонія Падуанскага, аднаго з самых вядомых і любімых святых не толькі у Беларусі, але ва ўсім свеце.

На пачатку самыя маленькія парафіяне прывіталі Яго Эксцэленцыю. Панавала вялікая радасць, вернікі сваім прыгожым спевам дзяліліся радасцю атрымання рэліквій святога заступніка. Кс. Раман Катлімоўскі прамовіў для вернікаў гамілію, падчас якой заахвочваў усіх прысутных да любові Бога па прыкладу Святога Антонія, які прагнуў учыніць сваё сэрца як сэрца Езуса. Ксёндз Раман таксама падзякаваў старэйшаму пакаленню за захаванне веры і прасіў, каб вучылі сваіх дзяцей і ўнукаў праўдам веры, і каб заўсёды ў іх сем’ях панавала штодзённая малітва.

Пасля Святой Камуніі біскуп Аляксандр урачыста перанёс рэліквіі да алтара Святога Антонія, і ўсе разам маліліся праз заступніцтва святога з Падуі, дзякавалі за ўсе ласкі, атрыманыя праз яго заступніцтва і прасілі аб неабходных дарах не толькі для парафіі у Свіслачы, але і для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, для святароў, законных асоб і ўсіх верных.

Падчас урачыстасці парафіяне дзякавалі Богу, што атрымалі такі вялікі дар: цяпер сам святы Антоні заўсёды будзе з імі, і гэта таксама для іх вялікая адказнасць, каб жыць паводле Евангелля і быць годнымі паслядоўнікамі святога Антонія.

Пасля пастырскага благаслаўлення Святымі рэліквіямі кожны мог ушанаваць рэліквіі святога.

 

c. Антонія Шэйгерэвіч CSFN