Дзве пілігрымкі мужчын адбыліся ўчора, 2 чэрвеня, у нашай дыяцэзіі: з Гродна да Капцёўкі і з Ашмянаў у Баруны.
Сваю сапраўдную мужнасць праз адносіны сам на сам з Панам Богам задэкларавалі каля 200 мужчын з парафій Гродна, якія прынеслі свае інтэнцыі на Узгорак надзеі да санктуарыя Маці Божай Яснагурскай у Капцёўцы. Тут адбылася Урачыстая святая Імша, якую цэлебраваў ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч, а кс. Максім Бачарнікаў звярнуўся да пілігрымаў з гаміліяй. Для сабраных мужчын адбылася таксама духоўная канферэнцыя, якую правёў айцец Юзаф Макарчык.
У гэты ж дзень здзейснілася пілігрымка мужчынаў Ашмяны-Баруны да Маці Божай Барунскай, дэвізам якой былі абраны словы “Сям’я, жыві і перадавай веру”.
Распавядае ксёндз Павел Паўлюкевіч:
“У нядзелю 2-га чэрвеня б.г., калі Евангелле апавядала нам аб прыкладзе моцнай веры сотніка, а сёмай гадзіне раніцы з касцёла св. Міхала Арханёла ў Ашмянах 90 мужчын і іх сыноў вырушылі ў IV-е дэканальнае пешае паломніцтва бацькаў да Маці Божай Барунскай. На гэты раз тэмай паломніцтва стала: “Сям’я, жыві і перадавай веру”.
Удзельнікі паломніцтва пачалі свой шлях с супольнай малітвы ў ашмянскай святыні, у канцы якой ксёндз-пробашч удзяліў усім благаслаўлення.
Праграма паломніцтва была насычаная. Падчас дарогі маліліся разам гадзінкі да Найсвяцейшай Панны Марыі, вяночак да Божай Міласэрнасці, ружанец. Мужчыны разам спявалі рэлігійныя песні, удзельнічалі ў канферэнцыі, мелі магчымасць здзейсніць карысныя размовы падчас адпачынку на прыпынках і супольных пасілках. Па прыбыцці ў Баруны пілігрымы супольна маліліся перад абразом Маці Божай Барунскай, а таксама прагледзелі відэафільм аб прыкладзе сапраўднага айцоўства. Адбылося таксама набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса з індывідуальным благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам кожнага бацькі.
Кульмінацыяй паломніцтва стала а 15-й гадзіне ўрачыстая Святая Імша, якую цэлебраваў у Барунскім касцёле ашмянскі дзекан кс. Ян Пузына разам з іншымі святарамі.
Айцец Андрэй Агель, падчас паломніцтва звярнуўся да татаў і іх сыноў у двух канфэрэнцыях, у якіх нагадаў аб тым, што айцоўства – гэта Божы дар, дзякуючы якому мужчына ўдзельнічае ў айцоўстве самога Бога. Сапраўдны тата – гэта мужчына, які любіць сваю сям’ю і адказвае за яе, які шануе і клапоціцца разам з жонкай аб зачатым жыцці іх дзіцяці. Сапраўдны тата не перакладвае адказнасці за выхаванне сваіх дзяцей на жонку, школу і Касцёл, ён выхоўвае не толькі на словах, але ахвяруе дзецям свой час, а таксама такі мужчына пастаянна выхоўвае сябе. Тата, які мае ў сваіх дзяцей аўтарытэт, сваім прыкладам перасцерагае і ахоўвае іх перад алкаголем, наркотыкамі, распустай і насіллем. Такі тата, як веруючы чалавек, павінен таксама даваць сваёй сям’і сведчанне сталай хрысціянскай веры. Ён, калі клапаціцца аб сямейным дабрабыце, ніколі не павінен ставіць матэрыяльныя каштоўнасці вышэй сваёй сям’і.
Таксама а. Андрэй падкрэсліў, што святары могуць вучыцца ад мужчын-бацькоў, як спалучаць у сваім служэнні людзям далікатнасць і ўменне ставіць вымаганні, а таты, ў сваю чаргу, ад святароў вучацца як быць адказным за релігійнае і духоўнае жыццё сваёй сям’і.
Падчас паломніцкага шляху кожны жадаючы мог падзяліцца сваімі думкамі наконт таго, чым для яго з’яўляецца сям’я і што значыць для яго вера.
Па меркаваннях удзельнікаў паломніцтва, сям’я – гэта пачатак усяго, гэта самае важнае ў жыцці мужчыны, яго “зямны скарб”, а жонка і дзеці – гэта сэнс жыцця мужа і бацькі. Сям’я - гэта ўзаемная любоў, павага, вера ў Бога, давер адзін да аднаго, яна - “маленькі касцёл”. Сям’я дае мужчыне пачуццё ўпэўненасці ў сабе, сям’я павінна быць месцам супакою і згоды. Яна таксама з’яўляецца адказнай і складанай справай, таму што звязана з ахвярай сябе для жонкі і дзяцей.
Вера ж для ўдзельнікаў паломніцтва - гэта “жыццё з Богам”, гэта дар, атрыманы ў спадчыну ад бацькоў. Яна павінна быць “сэнсам”, “стылем” і “стрыжнем” жыцця мужчыны, таму што “без веры немагчыма жыць”.
Дзякуем Пану Богу за ўсе дары і ласкі, атрыманыя ўдзельнікамі паломніцтва!”
А мы шчыра дзякуем за дасланыя выдатныя матэрыялы.