Skip to main content

IX Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

IX Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Евангелле дзевятай нядзелі ставіць перад намі асобу сотніка, які не належыў да народу выбранага, але праз сваё сэрца заслужыў павагу юдэйскіх старэйшын і народу. “Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу”, - сказана пра яго. Яшчэ лепш паказвае нам добрае сэрца сам сотнік, яго клопат пра свайго хворага слугу.

Сотніка з сённяшняга Евангелля можна аднесці да людзей, якія шукаюць Бога і шануюць рэлігійныя погляды іншых.

Наш цяперашні свет пачынае рознымі сродкамі выдаляць з жыцця чалавека праўдзівае аблічча Бога, праўдзівую веру; усё гэта хаваецца пад рознымі прыгожымі шыльдамі свабоды чалавека і права кожнага з нас да выбару. На жаль, выбар гэты вядзе да роспачы, нянавісці, крызісу. Вельмі часта гэта так званая свабода закранае рэлігійныя погляды праўдзіва веруючых і практыкуючых людзей.

Як самы нядаўні прыклад агрэсіі і неталерантнасці да іншых можна ўзгадаць рэакцыю на працэсію Божага Цела вуліцамі Гродна (напэўна, гэта можна заўважыць і ў іншых месцах). Чытаючы каментарыі да гэтай падзеі, можна было знайсці шмат непрыемных выказванняў. Людзі пісалі пра тое, што веруючыя, якія ўдзельнічалі ў працэсіі і тым самым сведчылі аб сваёй веры і прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла, перашкаджалі, вызывалі гнеў і нянавісць ў мінакоў. Чытаючы ўсё гэта, я задаваў сабе пытанне: “Ці сведчанне сваёй веры, а асабліва сведчанне яе у такія святы, горшае за гулянне кампаніі нятрэзвых людзей, якія, ідучы па вуліцы, чапляюцца да кожнага мінака, ці гучныя малітвы горшыя за непрыстойныя словы, якія мы так часта чуем на вуліцы?

Што для нас стала нормай? Чаму мы перасталі шанаваць адзін аднаго? Чаму чалавек веруючы стаў прычынай насмешак?. Адказ на гэтыя пытанні, як мне здаецца, можа быць наступны: дзеля так званай свабоды мы часта выбіраем не той бок, не тыя каштоўнасці ставім на першае месца.

Сотнік з Евангелля вучыць кожнага з нас шанаваць адзін аднаго, шанаваць веру адзін аднаго. Бо, як і ў яго выпадку, у цяжкую хвіліну нехта закіне за нас добрае слова, стане ў нашай абароне і, дзякуючы заступніцтву, мы атрымаем ад Нашага Нябеснага Айца дапамогу і захаваем сваю душу.