У панядзелак, 27 мая адбылася дыяцэзільная сустрэча катэхізатараў з Гродзенскай дыяцэзіі, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Сустрэча мела планавы характар, асноўнай мэтай якой было аналізаванне вынікаў працы катэхізатарскай дзейнасці ў парафіяльных супольнасцях. Катэхізатары мелі магчымасць падыскутаваць над некаторымі аспектамі сваёй місіі.
Пачатак сустрэчы, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі распачаў малітвай і прывітаў усіх прысутных. Дырэктар аддзела Каталіцкага Выхавання і Навучання пры гродзенскай курыі а. др Андрэй Шчупал CSsR у сваім уступным слове нагадаў пра тое, што
"....катэхэта павінен быць добра ўфармаваным выхавацелем і сведкам Хрыста, мець кананічную місію ад біскупа ў катэхізатарскай дзейнасці ў парафіі, а таксама адзначацца пачуццём адказнасці за ўскладзеныя на іх абавязкі".
Дырэктар дыяцэзіяльнага аддзелу прыгадаў узроўні адказнасці і каардынацыі ў навучанні маладога пакалення. Першым і падставовым узроўнем з'яўляецца парафія, за якую нясе адказнасць мясцовы пробашч. На раённым узроўні адказнымі з'яўляюцца прызначаныя біскупам візітатары. На дыяцэзіяльным узроўні функцыю каардынацыі нясе аддзел Каталіцкага Навучання і Выхавання. У сваёй справаздачы аб стане катэхізацыі і фармацыі катэхетаў, а. Андрэй адзначыў, што
"На дадзены момант у Гродзенскай дыяцэзіі катэхізацыяй ахоплены каля 18 тысяч дзяцей і моладзі, якіх навучаюць 29 свецкіх катэхэтаў, 57 законных сясцёр, а таксама шматлікія святары".
На сустрэчы свой рэферат на тэму "Катэхета прапаведнікам асноўных праўдаў веры з пункту гледжання Новай Евангелізацыі" зачытаў кс. мгр ліцэнзіят Ян Занеўскі, які з'яўляецца дэлегатам Катэхетычнай камісіі пры Епіскапаце Беларусі, дзе распавёў пра установы, якія існуюць у Гродзенскай дыяцэзіі і маюць уплыў на прапаведванне Евангелля.
"Катэхэза - абавязак усіх: біскупа, святароў, катэхетаў" - сказаў кс. Ян і дадаў што, "Катэхэта з'яўляецца вуснамі Хрыста на зямлі".
У рэфераце была таксама парушана праблема таго, што катэхеты адыходзяць ад методыкі навучання на памяць і што гэтую сітуацыю трэба, як найхутчэй выпраўляць. На заканчэнне прамовы, кс. Ян задаў 2 пытанні для дыскусіі: "Ці патрэбна нам новая катэхетычная праграма навучання для Гродзенскай дыяцэзіі?" і "Ці ёсць патрэба ў выданні новых катэхетычных падручнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі?".
Падчас дыскусіі, якая адбылася пасля некаторых прапаноў кіраўніка Катэхетычнай камісіі пры Епіскапаце Беларусі с. мгр Нунэ Цітаян MSF адносна катэхетычнай праграмы і новых падручнікаў для катэхэзы, былі закранутыя тэмы эфектыўнасці дапаможных матэрыялаў для катэхэзы, формы правядзення экзаменаў для кандыдатаў да І св. Камуніі і Канфірмацыі, ажыццяўленне фармацыі бацькоў дзяцей у працэсе катэхізацыі і шмат іншых. Кс. Янам Занеўскім была ўнесена прапанова стварэння дыяцэзіяльнай катэхетычнай секцыі і асобнай катэхетычнай старонкі на аснове grodnensis.by, якая б стала дыскусійнай платформай і месцам ўзаемнага абмену катэхетычнымі матэрыяламі.
С. Эўхарыя, якая з'яўялецца катэхэткай у мястэчку Сапоцкін, прадставіла плён сваёй катэхетычнай працы з дзецьмі праз арганізацыю сцэнак на разнастайныя Евангелічныя тэмы. Падчас сустрэчы катэхэтаў, дзеці пад яе кіраўніцтвам, наблізілі постаць слугі Божай Малгажаты Шэўчык выступам "Трымай сваё сэрца адчыненым на іншых". Асноўнай ідэяй паказу было ўказанне вялікай ролі сведкаў Хрыста, у перажываным у Каталіцкім Касцёле Годзе веры.
Падчас Эўхарыстыі, якую цэлебравалі святары на чале з кс. біскупам Аляксандрам Каўкевічам, казанне да прысутных сказаў кс. др Андрэй Шчупал CSsR у якім разважаў над тым, як засеяць насенне Божага Слова, каб яно захавалася ў сэрцы чалавека і выдала чым найбольшы плён. Аналізуючы Евангелле, якое нам прапануе літургія сённяшняга дня, казнадзей прыгадаў, што прапаведнікі, каб ісці за Хрыстом павінны быць вольнымі ад таго што ім у гэтым перашкаджае, а менавіта ад матэрыяльнай карыслівасці.
"Каб гаварыць аб Хрысце, мы павінны яго палюбіць" - адзначыў кс. Андрэй.
Апрацаваў кс. Ю. Жэгарын