VІI Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN
Літургія Слова прыгатуе нас да Вялікага Свята Спаслання Духа Святога. Другое чытанне з кнігі Апакаліпсіса Святога Яна арыентуе нас паглядзець на нашу іерархію каштоўнасцяў, якою мы жывем: “Я ёсць Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец”.
А ці на самай справе Гасподзь на першым месцы ў маім жыцці? Не надарма святы Аўгустын гаварыў: “Неспакойнае маё сэрца, пакуль не заспакоіцца ў Боге”. Нашае жыццё не будзе нас задавальняць, не будзе унутранага прымірэння і сапраўднай радасці, пакуль Хрыстус не стане найважнейшым для нас.
Запытаецеся “чаму?” Адказ на гэта дае нядзельнае Евангелле, малітва Езуса за веруючых у Яго. Гасподзь прыйшоў на зямлю і стаў чалавекам для таго, каб людзі ўдасканальваліся ў пазнанні Бога і веры ў тое, што Бог любіць кожнага з нас як свайго Адзінага Сына. І гэта Хрыстус прыйшоў нам даць – любоў Бога-Айца.
Цяпер Дух Святы ўзмацняе нас у любові да Бога і ў ёй зацвярджае. “І хто прагне, няхай прыйдзе, і хто хоча, няхай возьме ваду жыцця дарма”. (Ап, 17б)