Сёння, 10 мая ў другой палове дня ў Ваўкавыску (парафія св. Станіслава Косткі) распачынаецца агульнадыяцэзіяльная сустрэча моладзі пад дэвізам ”Ідзіце і навучайце ўсе народы!” (Мц28,19). Гродзеншчына на гэтай сустрэчы мае гонар вітаць дастойнага госця, апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.
У суботу, 11 мая прадстаўнік Святога Пасаду ў нашай краіне будзе маліцца разам з гродзенскім ардынарыем і моладдзю падчас св. Імшы, а пасля абеду кожны з удзельнікаў спаткання, будзе мець магчымасць скіраваць да прадстаўніка Святога Айца свае пытанні.
Чытачы нашага партала ведаюць, што кс. арцыбіскуп належыць да кангрэгацыі, харызмай якой з’яўляецца праца з моладдзю, перадусім з беднымі студэнтамі, таму як сказаў кс. арцыбіскуп “галоўным аспектам нашай працы было перадусім слухаць маладых людзей, каб яны самі змаглі пачуць у сабе голас Хрыста. Нашым прыярытэтам было больш слухаць, чым вучыць”. Таксама апостальскі нунцый заахвочвае маладых святароў каб праводзілі “штодзённа 3 гадзіны з маладымі людзьмі” і пазней на аснове гэтай працы акрэслівалі душпастарскі падыход да іх.