VІ Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN
Тэма любові вельмі блізкая для апостала Яна. І вось ён зноў заклікае нас да таго, каб адказаць самому сябе, ці можа Гасподзь “стварыць абіцель Сябе ўва мне”? Ці можа прысутнічаць Святая Троіца ў маім сэрцы? Ці можна жыць жыццём самога Бога? Так, гэта магчыма, але толькі калі мы любім Хрыста, і дзякуючы гэтай любові, можам выканаць Яго Слова. Тады Бог будзе прабываць у нас, а мы - ў Ім.
І тады нашае сэрца будзе напоўнена супакоем – дарам Святога Духа, не простым спакоем, але Божым супакоем, “сапраўдным, нічым не парушальным мірам, непадзельным шчасцем быцця разам з Богам.
І няхай нашае сэрца не застрашаецца тым, што нас спатыкае, чаму мы павінны даць адпор, бо мы павінны супрацьстаяць злу, якое вакол нас, якое спрабуе скрасці “наш супакой”, падараваны нам Госпадам. Усе цяжкасці, перыпетыі жыцця, нашы няўпэўненасці лёгка не знікнуць, але Святы Дух заўсёды нас суцешыць і супакоіць нашы сэрцы, і навучыць, як трэба жыць згодна з Божым Словам і Ягонай воляй. Трэба толькі хацець гэтага і прасіць Духа Святога, каб кіраваў намі, узмацняў, трэба дазволіць Яму валадарыць у нашым сэрцы.