У суботу 27 красавіка парафія ў Жалудку адзначыла 160-годдзе Касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На ўрачыстай св. Імшы, якая цэлебравалася а 10 гадзіне раніцы, маліліся шматлікія вернікі і святары на чале з кс. арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, апостальскім нунцыем у Беларусі, кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі і ардынарыем Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі кс. арцыбіскупам Пятром Мальчукам.
Прадстаўнік Святога Пасада ўжо другі раз наведвае Жалудок. Першы раз сюды наведаўся арцыбіскуп Іван Юркавіч калі парафія адзначала юбілей 150-годдзя сваёй святыні, аб чым у сваёй прамове нагадаў кс. Яна Рэйшаль, шматгадовы душпастар у Жалудку, які дарэчы ў гэтым часе адзначае 21-ю гадавіну з дня сваіх святарскіх пасвячэнняў. Падчас сваёй прамовы кс. Ян меў радасць вітаць сваіх аднакурснікаў з Беларусі, Украіны і Расіі, з якімі ён прайшоў падрыхтоўку да святарства ў Рыжскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, адзінай тагачаснай каталіцкай навучальнай установе ў былым Савецкім Саюзе.
160-ці годдзе святыні – гэта даволі працяглы прамежак часу, на працягу якога адбылося шмат гістарычных падзей, дзе хапала таксама вельмі сумных момантаў: войнаў, паўстанняў, акупацый, пераследу Хрыстовага Касцёла падчас чаго, шмат людзей склала ахвяру свайго жыцця. Кс. арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, дакладна ведаючы гісторыю гэтай шматпакутнай зямлі, асабліва апошняга стагоддзя, якое было пазначана чорным пятном камуністычнага таталітарызма, не хаваў свайго захаплення мужнай, гераічнай паставай вернікаў, якія не гледзячы ні на што заставаліся вернымі сведкамі Хрыста і Яго Касцёла. Ватыканскі іерарх лічыць, што памяць аб часе пераследу за веру павінен стаць прыкладам мужнасці ў вызнаванні Хрыста для будучых пакаленняў.
У святыню таксама наведаліся прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, што надало гэтай лакальнай урачыстасці экуменічную афарбоўку. Прадстаўнік Святога Айца ў слове, якое скіраваў да праваслаўных святароў сказаў што, гэтая святыня з’яўляецца супольнай для ўсіх нас, таму што мы прыналежым да адзінай Хрыстовай сям’і.
Напрыканцы св. Імшы Гродзенскі ардынарый дзякуючы вернікам за іх малітвы і мужнасць трывання ў Хрысце заклікаў да таго, каб не затрымліваць скарб веры для сябе, але перадаваць яе наступным пакаленням.
З нагоды святкавання 160-годдзя святыні на тэрыторыі Касцёльнага двара, была ўсталявана памятная Евангельская кампазіцыя, якая прадстаўляе момант укрыжавання Езуса Хрыста на Галгофе. Непасрэдна пасля Найсвяцейшай Ахвяры апостальскі нунцый асвяціў гэты памятны знак, які прадстаўляе таямніцу нашага адкуплення.
У гэтыя дні вернікі Жалудка перажываюць перш за ўсё духоўную аднову, дзякуючы святым місіям, якія праводзяць айцы рэдамптарысты.
Фота будуць дададзены пазней